Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ВОПРО́СЫ АРХИВОВЕ́ДЕНИЯ»,

навукова-інфарм. бюлетэнь. Выдаваўся ў 1959—65 у Маскве на рус. мове. У 1966 ператвораны ў час. «Советские архивы».

т. 4, с. 271

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн. як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш. Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.

т. 4, с. 271

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,

навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.​І.​Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.

т. 4, с. 271

ВО́ПЫТ,

уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.​Берклі, Д.​Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.​Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.​Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.

Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.

Літ.:

Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 271