Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВО́ЖЫК»,

сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца штомесячна ў Мінску на бел. мове. Пачаў выходзіць у ліп. 1941 як сатыр. плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў Гомелі, потым у Маскве. Са жн. 1945 часопіс «Вожык». Друкуе фельетоны, байкі, гумарэскі, апавяданні, пародыі, інтэрмедыі, скетчы, памфлеты, анекдоты, пераклады сатыр. твораў, карыкатуры, малюнкі, шаржы. З 1957 выдае «Бібліятэку «Вожыка».

т. 4, с. 254

ВО́ЖЫК-РЫ́БА

(Diodon histrix),

рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.

Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.

т. 4, с. 254

ВО́ЖЫК ЗВЫЧА́ЙНЫ

(Erinaceus europaeus),

млекакормячая жывёла сям. вожыкавых атр. насякомаедных. Пашыраны ў Еўропе, Азіі. Жыве ў лясах, лесастэпах, стэпах, на высечках, у пасевах с.-г. культур, на агародах, у садах, поймах рэк. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. цела 20—31 см, маса 700—800 г. Спіна і бакі цела ўкрыты калючкамі, знізу — шорсткай поўсцю. Канечнасці пяціпальцыя, кіпцюры моцныя і доўгія. У прыплодзе да 10 дзіцянят, якія кормяцца малаком маці. Дарослыя кормяцца насякомымі (пераважна жукамі), чарвямі, жабамі, птушанятамі і яйцамі птушак, яшчаркамі, дробнымі грызунамі, радзей ягадамі. Малаадчувальны да ядаў, у т. л. да змяінага. Упадае ў спячку. Пры небяспецы згортваецца ў клубок. Пераносчык узбуджальнікаў небяспечных хвароб. Добра пераносіць няволю. Увесну шмат гіне на аўтадарогах.

т. 4, с. 254

ВО́ЖЭ,

возера на Пн Валагодскай вобл. Расіі. Пл. 416 км². Глыб. да 4,5 м. Берагі пераважна нізінныя, забалочаныя. Упадаюць каля 20 рэк, найб. — Вожэга, Мадлона. Сцёк цераз р. Свідзь ў воз. Лача.

т. 4, с. 254