Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЧКА,

1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).

2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.

3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.

т. 4, с. 281

ВО́ЧКІ,

насякомыя, гл. Аксамітніцы.

т. 4, с. 281

ВО́ЧНАЯ СТА́ЎКА,

следчае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым допыце дзвюх (або больш) асоб, у паказаннях якіх выяўлены істотныя супярэчнасці. Праводзіцца па ініцыятыве следчага, суда, пракурора для атрымання больш праўдзівых звестак ці з мэтай высветліць, якое з ранейшых паказанняў адпавядае сапраўднасці. Парадак правядзення вочнай стаўкі рэгламентуецца КПК Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 281

ВО́ЧНЫ ЦВЕТ

(Anagallis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).

Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.

т. 4, с. 281