Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́КА,

орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.

А.С.Леанцюк.

т. 4, с. 258

ВО́КА БУ́РЫ,

вока тайфуну, вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.

т. 4, с. 258

ВОКІСЛЫ,

тое, што аксіды.

т. 4, с. 259

«ВО́КСХАЛ»

(Vauxhall),

легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.

т. 4, с. 259