Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЦАТНАЕ ДРЭ́ВА,

гл. ў арт. Сумах.

т. 4, с. 281

ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.

Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)х(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́,

этанавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфіры — ацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНАЯ ЭСЕ́НЦЫЯ,

гандлёвая назва 80%-нага воднага раствору харч. воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваецца для прыгатавання марынадаў, кансерваў і сталовага воцату (3—15%-ны водны раствор харч. воцатнай к-ты). Пры пападанні на скуру выклікае апёкі.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНЫ АЛЬДЭГІ́Д,

тое, што ацэтальдэгід.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНЫ АНГІДРЫ́Д,

ангідрыд воцатнай кіслаты (CH3CO)2O. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1083 кг/м³ (20 °C), tкіп 139,9 °C. У гарачай вадзе пераўтвараецца ў воцатную кіслату, гарыць (т-ра загарання 40 °C). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці ацэтылцэлюлозы, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў і лек. сродкаў. Таксічны, раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5·10​-4%.

т. 4, с. 281