Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОЗ,

рабочая павозка для коннай ці валовай цягі; тое, што калёсы.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,

бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕРА,

гл. Азёры.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕРА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 35 км на ПнУ ад г.п. Узда. 29 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Койданава, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. 817 ж., 322 двары (1996). Пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (2-я пал. 19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 255

ВО́ЗНІК

(лац. Auriga),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Капэла (α Возніка) 0,1 візуальнай зорнай велічыні, 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і ёсць падвойныя зоркі, зорныя скопішчы. На тэр. Беларусі відаць увесь год. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 255

ВО́ЗНЫ,

службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.

Г.А.Маслыка.

т. 4, с. 255