ВОДААДДА́ЧА горных парод, здольнасць насычаных да поўнай вільгацяёмістасці горных парод аддаваць частку вады свабодным сцяканнем пад уздзеяннем сілы цяжару. Залежыць ад грануламетрычнага складу і порыстасці парод, ад вязкасці вады. Характарызуецца розніцай паміж поўнай і макс. малекулярнай вільгацяёмістасцю.
Колькасць вады, якая можа свабодна цячы ў злучаных пустотах у 1 м³ пароды, наз. ўдзельнай водааддачай. Вызначаюць каэфіцыент водааддачы, які вырашаецца ў долях адзінкі або працэнтах.
Сярэднія значэнні каэфіцыента зменьваюцца ад водапранікальных парод (супеску 0,1—0,15, буйназярністага пяску 0,25—0,35) да адносна воданепранікальных (пясчаніку 0,02—0,03, трэшчынаватага вапняку 0,008—0,1).
т. 4, с. 247
ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.
т. 4, с. 247
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс. га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Т.А.Філюкова.
т. 4, с. 247
ВОДААЧЫ́СТКА,
комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.
Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.
У.М.Марцуль.
т. 4, с. 247
ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой нас. пунктаў, прам-сці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найб. спажыўцы вады — прадпрыемствы металург., хім., нафтаперапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя (гл. Водаачыстка) і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гасп.-пітнога, вытв., проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вял. групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе сан. нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца інш. мерапрыемствы па ахове прыроды. Гл. таксама Водакарыстанне, Водаспажыванне.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 248
ВОДАЗАБО́Р,
1) перыядычнае або пастаяннае забіранне вады з вадаёма, вадацёку ці падземнай крыніцы ў бытавых або прамысл. мэтах. Характарызуецца аб’ёмам і прызначэннем вады, якая забіраецца, працягласцю яе адбору. Вада высокай якасці прызначаецца пераважна на пітное водазабеспячэнне.
2) Комплекс гідратэхн. збудаванняў і абсталявання для забору вады з паверхневых ці падземных крыніц. Вакол водазаборных збудаванняў, прызначаных для цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, акрэсліваюцца зоны санітарнай аховы. Забор вады з рэк і вадаёмаў патрабуе таксама выканання правіл аховы моладзі рыб.
т. 4, с. 248
ВОДАЗАБО́РНАЕ ЗБУДАВА́ННЕ,
водазабор, гідратэхнічнае збудаванне, якое ажыццяўляе забор вады з адкрытага вадаёма (ракі, возера, вадасховішча) для мэт гідраэнергетыкі, водазабеспячэння, ірыгацыі і інш. Забяспечвае пропуск вады ў вадавод (канал, трубаправод, тунэль і інш.) у зададзеным аб’ёме, належнай якасці і ў адпаведнасці з графікам водаспажывання.
Бываюць: безнапорныя і напорныя; водазаборныя збудаванні ГЭС — берагавыя, вежавыя, на бетонных збудаваннях, плывучыя; водазаборныя збудаванні сістэм водазабеспячэння — водапрыёмнікі (збіраюць ваду ад асушальных сістэм і адводзяць яе); рачныя — берагавыя, рэчышчавыя, каўшовыя (з басейнам-каўшом у галаве канала); ірыгацыйныя — бесплацінныя (у т. л. берагавыя, каўшовыя і шпорныя са. шпорай-дамбай, якая выступае ў рэчышча) і плацінныя (будуюцца ў целе плаціны або на беразе, забіраюць ваду з верхняга б’ефа). Для забору падземных вод выкарыстоўваюць вертыкальныя (у выглядзе буравых свідравін і шахтавых калодзежаў) і гарызантальныя (траншэйныя, галерэйныя) водазаборныя збудаванні, а таксама каптажныя збудаванні (гл. Каптаж).
А.Я.Вакар.
т. 4, с. 248
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ,
1) удзельная забяспечанасць рачным сцёкам адзінкі плошчы тэрыторыі ці аднаго жыхара за пэўны перыяд. На Беларусі водазабяспечанасць мясцовым рачным сцёкам складае ў сярэднім 164 тыс. м³ за год на 1 км² ці 3,3 тыс. м³ за год на 1 жыхара; з улікам паступлення з суседніх краін — сумарным рачным сцёкам — водазабяспечанасць адпаведна 279 тыс. м³ і 5,6 тыс. м³ (1995).
2) Ступень задавальнення вадой водакарыстальніка ў параўнанні з разліковай аптымальнай патрэбнасцю ў вадзе. Вызначаецца праектам або планам водакарыстання.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 248
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт. Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.
т. 4, с. 248
ВОДАЗМЯШЧЭ́ННЕ судна, колькасць вады, выцесненай суднам, што плавае; характарыстыка памераў судна. Адрозніваюць масавае водазмяшчэнне, роўнае масе судна (г. зн. масе вады, якая змяшчаецца ў аб’ёме падводнай часткі судна), і аб’ёмнае (аб’ём падводнай часткі судна ніжэй за ватэрлінію). Водазмяшчэнне залежыць ад загрузкі судна і шчыльнасці вады: пры пастаянным масавым водазмяшчэнні аб’ёмнае зменьваецца ў залежнасці ад шчыльнасці вады; змена масавага водазмяшчэння адбываецца з-за расходу паліва, боепрыпасаў (на ваен. караблях), павелічэння і памяншэння грузу. Грузавым суднам найб. характэрны паказчык дэдвейт — водазмяшчэнне пры асадцы судна на найб. дапушчальную глыбіню.
т. 4, с. 248