ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)