БЫВАЛЬКЕ́ВІЧ Палікарп Рыгоравіч
(3.3.1855 — пасля 1921),
бел. журналіст. Выкладаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, з 1891 рэдактар газет «Виленский вестник», «Западный вестник», «Окраины России». У 1904 заснаваў у Мінску газ. «Белорусский вестник» велікадзяржаўна-шавініст. кірунку. З 1907 чл. «Рускага ўскраіннага т-ва», з 1918 Беларускага вольна-эканам. т-ва ў Петраградзе. У 1921 служачы Рэўваенсавета Рэспублікі ў Маскве. Аўтар фалькл.-этнагр. даследавання «Іван Купала (у в. Вуглы Слуцкага пав. Мінскай губ.)» (Этнографическое обозрение. 1891. № 4).
В.У.Скалабан.
т. 3, с. 370
БЫВА́ЛЬКІ,
вёска ў Беларусі, у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г.п. Лоеў, 104 км ад Гомеля, 65 км ад чыг. ст. Хойнікі. 974 ж., 351 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 3, с. 370
БЫВА́ЛЬШЧЫНА,
быль, жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 370