Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЫТ,

побыт, пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,

музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц. сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.

Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт. вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв. песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар. раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л. джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.

На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес. бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;

Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);

Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;

Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982.

Т.А.Шчарбакова.

т. 3, с. 374

БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,

форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.

На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел. рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л. абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл. табл.

У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех. з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.

Ю.І.Муравіцкі.

т. 3, с. 374

БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.

Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн. ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн. т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл. табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.

У Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА «Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-д быт. хіміі, Лідскае акц. т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш. Удз. в. хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл. табл. 2.

В.М.Сасноўскі.

т. 3, с. 375

БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,

разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Я.В.Малашэвіч.

т. 3, с. 377

БЫТАВЫ́ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.

Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст. Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).

У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял. Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).

Літ.:

Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;

Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;

Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.

М.Л.Цыбульскі.

т. 3, с. 376

БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,

танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).

т. 3, с. 377

БЫ́ТАМ

(Bytom),

горад на Пд Польшчы, у Верхнесілезскай агламерацыі. Вядомы з 11 ст. 229,6 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Стараж. (з 12 ст.) горнапрамысл. цэнтр. Здабыча каменнага вугалю (6 шахтаў) і свінцова-цынкавых руд. Чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім., швейная, піваварная, паліграф., мэблевая прам-сць. Вытв-сць тросаў і дроту. ЦЭС. Горны музей. Арх. помнікі — касцёлы 13—18 ст., у т. л. гатычны драўляны (1530). У паўн. ч. Бытаму лясны запаведнік Сэгет.

т. 3, с. 377