БЫСТРА́НКА
(Alburnoides bipunctatus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас. Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (А. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.
Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.
т. 3, с. 373
БЫ́СТРАЯ,
рака ў Беларусі, у Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 688 км². Пачынаецца за 5 км на У ад в. Быстрая Горацкага р-на, вусце каля в. Дрыбін. Асн. прытокі: Рамясцвянка (злева), Дняпрэц, Лебядзёўка, Каліноўка, Жалезня (справа). Цячэ пераважна па Горацка-Мсціслаўскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шыр. 800 м — 1 км. Пойма месцамі двухбаковая, шыр. 200—250 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—15 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. 6 км рэчышча ў верхнім цячэнні каналізавана.
т. 3, с. 374
БЫ́СТРЫЦА,
вёска ў Беларусі, у Трокеніцкім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Вілія. За 29 км на Пн ад Астраўца, 34 км ад чыг. ст. Гудагай, 284 км ад Гродна. 234 ж., 82 двары (1995).
Вядома з 1390, калі вял. кн. ВКЛ Ягайла заснаваў тут Крыжаўзвіжанскі касцёл. У 14—16 ст. дзейнічаў кляштар аўгусцінцаў. У 1-й пал. 16 ст. цэнтр воласці і рэзідэнцыя віленскага ваяводы. З 1537 мястэчка, з 1566 у Віленскім пав. З 1795 цэнтр воласці Віленскага пав. Рас. імперыі. На пач. 20 ст. 405 ж. З кастр. 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы. З 1939 у БССР, у 1940—62 і з 1965 у Астравецкім, у 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 295 ж., 91 двор. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (18 ст.).
т. 3, с. 374
БЫСТРЫ́ЦКАЯ Эліна Аўраамаўна
(н. 4.4.1928, Кіеў),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.
т. 3, с. 374
БЫ́СТРЫЦКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры ракако. Пабудаваны ў 1523 паводле загаду польскага караля Жыгімонта Старога ў в. Быстрыца (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Аднанефавы 2-вежавы з пяціграннай апсідай мураваны храм сіметрычна-восевай падоўжнай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуюць дзве 4-ярусныя вежы гал. фасада. Вертыкальнасць фасада з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаны плоскасна. Пластыка-дэкар. акцэнт інтэр’ера — 2-ярусны гал. алтар. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя 1-га яруса фланкіравана 2 драўлянымі скульптурамі апосталаў. У барочна-ракайльным стылі зроблены і 2 меншыя па маштабе кулісныя алтары.
т. 3, с. 374