БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1659.
Адбывалася ў маі—снежні 1659 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 супраць рас. войска. У пач. 1657 пасля 18-месячнай аблогі рас. войскі з казакамі І.Нячая штурмам захапілі Быхаў. У 2-й пал. 1658 Нячай здрадзіў цару і перайшоў на бок Яна II Казіміра. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў Стары Быхаў. Войска рас. ваявод Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало яго новую аблогу, якая працягвалася да 4 снеж. і скончылася начным штурмам. Поспеху штурму садзейнічала здрада членаў гар. магістрата і каменданта Быхаўскага замка немца Шульца. Шмат было забіта абаронцаў замка, у т. л. Нячай, знішчана палонная шляхта. У адбудаваным замку размясціўся рас. Гарнізон.
т. 3, с. 377
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл. Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр І накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
т. 3, с. 377
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.
Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.
У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.
т. 3, с. 378
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.
Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.Мурашка і гетман С.Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.
т. 3, с. 378
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
т. 3, с. 378
БЫ́ХАВЕЦ Анатоль Іосіфавіч
(н. 7.5.1941, пас. Адуцішкіс Швянчонскага р-на, Літва),
бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Ленінградскі с.-г. ін-т (1965). З 1972 у Бел. НДІ аховы раслін, з 1983 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па ахове раслін ад шкоднікаў і хвароб, біяхіміі і фізіялогіі насякомых і раслін, энтамалогіі, экалагічна бяспечных сродках аховы раслін (сінт. ферамонах, рэгулятарах росту насякомых і раслін).
т. 3, с. 378
БЫ́ХАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыкакраязнаўчы музей.
Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.С.Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту І Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст. тут распачата буд-ва гар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс. ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс. ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс. ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.
В.Л.Насевіч, В.М.Удальцоў (гісторыя).
т. 3, с. 378
БЫ́ХАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1740.
Адбылося ў Быхаўскім старостве з-за злоўжыванняў мясц. феад. адміністрацыі і ўзмацнення рэліг. супярэчнасцей. Выклікана намерам М.Сапегі ператварыць у сваіх уладаннях на Быхаўшчыне правасл. цэрквы ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мяст. Дашкавічы Аршанскага пав. ў крас. 1740 збілі уніяцкага святара і выгналі панскую адміністрацыю. Сяляне в. Сідаравічы аб’ядналіся з жыхарамі інш. вёсак і стварылі ўзбр. атрад у 200 чал. Узначалілі выступленне сяляне В.Ярашэнка, Г.Бушня, М.Казёл і В.Гетман. 27 крас. ў вёску рушылі быхаўскі намеснік Д.Стахоўскі з 2 святарамі ў суправаджэнні атрада з быхаўскага гарнізона. Каля вёскі сяляне зрабілі засаду і забілі некалькі чалавек, у т. л. Стахоўскага. У маі выступленне задушана, 6 сялян забіта, шмат паранена.
т. 3, с. 378
БЫ́ХАЎСКАЯ ЛЮДВІСА́РНЯ,
гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве ў 2-й пал. 16—18 ст. Узнікла, калі горадам валодалі магнаты Хадкевічы. Тут вырабляліся звычайныя і дробавыя гарматы — «шротаўніцы», марціры, шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы», а таксама ядры, карцечныя зарады, артыл. і ручныя гранаты. Адным з першых людвісараў быў, верагодна, ням. майстар Кашпір Ганусаў. У 1697 быхаўскія людвісары майстар Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлілі для магістрата вял. бронзавую гармату.
т. 3, с. 378
БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,
помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 х 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.
т. 3, с. 379