БЫ́ДГАШЧ
(Bydgoszcz),
горад на Пн Польшчы. Адм. ц. Быдгашчцкага ваяв. 384,8 тыс. ж. (1992). Порт на р. Вісла і Быдгашчцкім канале. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Аэрапорт. Цэнтр машынабудавання (вытв-сць трансп. сродкаў, машын для горнай прам-сці, абсталявання для суднаў, цэм. і дрэваапр. прадпрыемстваў, электратэхнікі, станкоў). Хім. (вытв-сць пластмасаў, фарбавальнікаў і інш.), электронная, харч., дрэваапр., швейная, гумавая, папяровая, абутковая, керамічная, мэблевая, паліграф. прам-сць. Выраб кабелю, халадзільнікаў, веласіпедаў. 4 ВНУ. Музеі. 2 т-ры, філармонія. Арх. помнікі 15—19 ст.
Упершыню ўпамінаецца ў 1238 як умацаваная крэпасць ранняга сярэднявечча. У 1331—37 захоплены крыжакамі. У 1346 атрымаў тар. правы. У 15—16 ст. цэнтр гандлю збожжам і соллю, адзін з буйных гарадоў Польшчы. У 1772—1920 у складзе Прусіі.
т. 3, с. 370
БЫ́ДГАШЧЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА
(Województwo Bydgoskie),
у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 10 349 км², нас. 1,1 млн. чал. (1992). Адм. ц. — г. Быдгашч. Паверхня раўнінная, ландшафт азёрны. На Пн Тухольская раўніна і Краенскае паазер’е (часткі Паморскага паазер’я), на Пд Гнезненскае і Куяўскае паазер’і (ускраіны Велікапольскага паазер’я). Пашыраны марэнны рэльеф (да 206 м над узр. м.). У сярэдняй частцы тэр. Быдгашчацкага ваяводства цягнецца стараж. Тарунска-Эберсвальдская даліна. Клімат умераны, сярэднія т-ры студз. -2,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў каля 550 мм за год (менш, чым на астатняй тэр. Польшчы). Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда і Вда) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр ледавіковага паходжання, найб. Гопла, Хажыкоўскае, Пакоскае, вадасховішча — воз. Караноўскае. Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, найб. урадлівыя чорныя — у Куявах. Пад лесам 30% тэр., вял. масівы на Пн (Тухольскія бары). Гаспадарка прамыслова-аграрная. Развіты маш.-буд., электронная, харч., дрэваапр. і папяровая, хім., лёгкая прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры Быдгашч, Інавроцлаў, Хайніцы, Свеце і інш. Пад с.-г. ўгоддзямі 57% тэрыторыі. Вырошчваюць на Пн жыта, авёс, бульбу, кармавыя травы, на Пд цукр. буракі, рапс, пшаніцу. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Турызм.
т. 3, с. 370