Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЫЛЕ́ЎСКІ Язэп, разьбяр па дрэве 18 ст. У 1754—55 удзельнічаў у аздабленні касцёла бернардзінцаў у Брэсце: выканаў па ўласным эскізе 2 алтары, амбон, статую св. Францішка для саду і інш.

т. 3, с. 372

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

БЫЛІ́НА (Янка) (сапр. Семашкевіч Іван; 1883, в. Лакцяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 1955),

бел. паэт. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907). Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. У гады культу асобы зведаў рэпрэсіі. Друкаваўся з 1917 у газ. «Гоман», у перыяд. выданнях Зах. Беларусі, у т. л. ў час. «Маланка». Выдаў у Вільні зб-кі вершаў і баек «На прызбе» (1918, 2-е выд. 1924) і «На покуці» (1934), камедыю «Выбар старшыні» (1926), у якой асуджаў жорсткасць і несумленнасць чыноўнікаў. Вершы «Бацькаўшчына», «Дарогі нашай айчыны» і інш. выявілі патрыят. настроі паэта. У вершах «Ой, пусцее поле», «Воўк заўсёды ваўком», байках «Блыха і пан», «Кабан і мурашкі» і інш. Паказаў сац. і нац. ўціск польск. улад. Бытавы гумар пераважае ў вершаваных апавяданнях («Здарэнне», «Пахаванне старшыні»). У аснове твораў Быліны жывая нар. гутарковая мова. Шкодзіць ім залішні дыдактызм, шматслоўнасць.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 373

БЫЛІ́НСКАЯ (Людміла Усеваладаўна) (н. 15.12.1938, Мінск),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірычных і характарных роляў. Сярод іх: Іна («Білет у мяккі вагон» А.​Маўзона), Шчасная («Трывога» А.​Петрашкевіча), Ніна («Маскарад» М.​Лермантава), Таццяна, Надзея («Ворагі», «Апошнія» М.​Горкага), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Мадлена Бежар («Мальер» М.​Булгакава), Джэні-Маліна («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Мэртл («Царства зямное» Т.​Уільямса), місіс Туз («Усё ў садзе» Э.​Олбі) і інш.

т. 3, с. 373

БЫЛІ́НСКІ (Іван Сямёнавіч) (28.1.1903, в. Якубоўка Гомельскага р-на — 10.5.1976),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Гомельскі лесатэхн. Ін-т (1936). У 1940—44 старшыня СНК БССР. У 1944—46 1-ы сакратар Палескага абкома КП(б)Б. У 1948—60 нам. міністра, міністр лясной гаспадаркі, нам. міністра сельскай гаспадаркі БССР, нач. Гал. ўпраўлення лясной гаспадаркі пры СМ БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1940—49, Бюро ЦК КП(б)Б у 1940—47. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47, 1951—55, Вярх. Савета СССР у 1940—50.

І.С.Былінскі.

т. 3, с. 373

БЫ́ЛІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1906, г. Івангорад Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл. — 27.9.1944),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). З 1925 у Бел. трэцім дзярж. драм. т-ры, з 1937 у БДТ-1 (т-р імя Я.​Купалы). Яго мастацтва адметнае рамантычнай узнёсласцю, шчырасцю пачуццяў, тэмпераментам. Сярод роляў: Андрэй, Мастак, Паромшчык («Плытагоны», «Пінская мадонна», «Ганка» У.​Галубка), Кастусь Каліноўскі (аднайм. п’еса Е.​Міровіча), Мікола («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), пан Ендрыхоўскі («Партызаны» К.​Крапівы), сяржант Дроб (аднайм. п’еса Э.​Самуйлёнка), Дон Жуан («Каменны госць» А.​Пушкіна), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Як мастак аформіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Правакатар» М.​Ірчана (1931). Загінуў у чыгуначнай катастрофе.

К.Ф.Быліч.

т. 3, с. 373

БЫЛІ́ЧКА,

жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш. народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц. нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.​Федароўскі, А.​Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.​Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.​Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.​Колас («Страшнае спатканне»), Я.​Купала, З.​Бядуля і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.

Літ.:

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;

Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 373

«БЫЛО́Е»,

часопіс па гісторыі рэв. руху ў Расіі. Выдаваўся У.​Л.​Бурцавым у 1900—04 (№ 1—6) у Лондане, у 1908—12 (№ 7—14) у Парыжы, а таксама штомесяц у студз. 1906 — кастр. 1907 (32 нумары) і ў 1917—26 (35 нумароў, 32 кн.; рэдактары: В.Я.Багучарскі, П.​Е.​Шчогалеў і Бурцаў, В.​В.​Вадавозаў і Я.В.Тарле) у Пецярбургу на рус. мове. Яго замежнае выданне друкавала дакументы і матэрыялы пра дзейнасць «Народнай волі», «Матэрыялы для слоўніка палітычных ссыльных у Расіі», агляды вольнага рас. друку, мемуары В.М.Фігнер, Б.В.Савінкава, С.П.Каваліка і інш. У Пецярбургу друкаваліся артыкулы і даследаванні, біягр. нарысы і мемуары дзеячаў рэв. руху, пісьмы, дзённікі і інш. (у т. л. пра дзейнасць Бунда на Беларусі) па гісторыі грамадскага і рэв. руху канца 18 ст. — 1907 (першы легальны часопіс у Расіі з рэв. тэматыкай); выданне часопіса спынена з-за процідзеяння сав. улад і фін. цяжкасцей.

Літ.:

Лурье Ф.М. Хранители прошлого: Журнал «Былое»: история, редакторы, издатели. Л., 1990.

т. 3, с. 373