БЫВА́ЛЬШЧЫНА,

быль, жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)