Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ГАС

(Lagos),

горад, сталіца Нігерыі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на астравах і ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. штата Лагас. 10,3 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Буйнейшы эканам., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Канцэнтруе каля палавіны прамысл. патэнцыялу краіны. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, перапрацоўка какавы), тэкст., металаапр., радыётэхнічная. Суднабуд. і суднарамонтныя верфі. 2 ун-ты. Нац. музей.

Засн. партугальцамі ў канцы 15 ст. на месцы паселішча племя йаруба-аворы. У 15—16 ст. залежны ад Беніна горад-дзяржава, якім кіраваў ваен. правадыр. У 17 ст. адзін з цэнтраў гандлю рабамі. У выніку англ. экспансіі з 1852 пад кантролем Вялікабрытаніі, у 1861 каланізаваны англічанамі. Цэнтр нац.-вызв руху. З 1914 адм. ц. пратэктарата Нігерыя, з 1960 сталіца незалежнай Нігерыі.

Набярэжная ў Лагасе.

т. 9, с. 87

ЛАГАТЫ́П

(ад логас + typos адбітак),

1) спецыяльна распрацаваны арыгінальны абрыс, выява поўнай або скарочанай назвы фірмы (тавараў фірмы).

2) У паліграфіі — літара з адным з найб. ужывальных слоў ці складоў; выкарыстоўваўся пры ручным наборы.

т. 9, с. 87

ЛАГА́Ш,

старажытная дзяржава ў Шумеры, на тэр. сучаснага Ірака. Паселішчы на месцы Л. існавалі з канца 5-га тыс. да н.э., пісьмовыя ўпамінанні адносяцца да 26—2 ст. да н.э. У 26—24 ст. да н.э. Л. кіравала дынастыя, заснаваная Ур-Наншэ, якая дасягнула найб. магутнасці пры царах Эанатуме і Энтэмене. Узмацненне ролі жрацоў, закабаленне імі свабодных абшчыннікаў прывяло да росту нар. незадаволенасці і захопу ўлады Уруінімгінам (24 ст. да н.э.), які абвясціў шэраг сац. рэформ. У 24 ст. да н.э. Л. заваяваны царом Акада Сарганам Старажытным. Новы ўздым Л. адбыўся пры цару Гудэа (22 ст. да н.э.). З пач. 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне. З 1877 раскопкі Л. вялі франц. археолагі Э. дэ Сарзек, Г.Крос, А. дэ Жэнуяк і А.Паро. Імі знойдзены такія помнікі, як «Стэла каршуноў», надпісы Уруінімгіны, статуі і надпісы Гудэа, архіў храма багіні Бабы (Бау).

т. 9, с. 88

ЛАГАЭ́Д

(ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 88

ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА

(Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км2. Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На 3 да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86

ЛА́ГА-МАДЖО́РЭ

(італьян. Lago Maggiore літар. вял. возера),

Вербана, возера ў Італіі і Швейцарыі паміж адгор’ямі Лепанцінскіх Альпаў. Пл. 212 км2, даўж. 62,5 км, глыб. да 372 м. Размешчана ў тэктанічнай міжгорнай катлавіне на выш. 194 м. Берагі высокія, абрывістыя. Падпруджана стараж. марэнай. Праз возера працякае суднаходная р. Тычына, левы прыток р. По. Суднаходства, рыбалоўства. Турызм. Клімат. курорты: Лакарна, Аскана і інш. (Швейцарыя), Канобіо, Інтра і інш. (Італія).

т. 9, с. 86

ЛА́ГЕР

(ням. Lager паселішча, стаянка),

1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.

У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл. Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).

2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).

3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.

4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл. Канцэнтрацыйны лагер).

5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.

6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).

т. 9, с. 88

ЛА́ГЕРКВІСТ (Lagerkvist) Пер Фабіян

(23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш. форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.Шупенька, М.Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.

Тв.:

Бел. пер.Кат. Карлік. Мн., 1986;

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. Харьков, 1997.

Літ.:

Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.

Л.П.Баршчэўскі.

П.Лагерквіст.

т. 9, с. 88

ЛА́ГЕРЛЁФ (Lagerlöf) Сельма Атылія Лувіса

(20.11.1858, маёнтак Морбака, Швецыя — 16.3.1940),

шведская пісьменніца. Чл. Шведскай акадэміі (з 1914). Скончыла настаўніцкую семінарыю ў Стакгольме (1885). Літ. поспех прынёс раман пра жыццё шведскай правінцыі «Сага пра Ёсту Берлінга» (1891). Аўтар навел (зб-кі «Нябачныя ланцугі», 1894; «Тролі і людзі», т. 1—2, 1915—21), раманаў («Іерусалім», т. 1—2, 1901—02; «Дом Лільекроны», 1911; «Імператар Партугальскі», 1914; «Адступнік», 1918), гіст. трылогіі (раманы «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», «Шарлота Лёвеншольд», абодва 1925; «Ганна Сверд», 1928). Пісала легенды, кнігі для дзяцей. Яе творы прасякнуты духам хрысц. гуманізму, у іх спалучэнне рэалізму з рамант. фантастыкай, вытанчаны псіхалагізм у паказе чалавечых характараў і выразны лірычны пачатак. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў Т.Тамашэвіч. Нобелеўская прэмія 1909.

Тв.:

Бел. пер. — Пярсцёнак Лёвеншольдаў // Уэлс Г., Лагерлёф С. [Раманы]. Мн, 1997;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. СПб.,1991—93.

Літ.:

Неустроев В.П Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.

Л.П.Баршчэўскі.

С.Лагерлёф.

т. 9, с. 88

ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,

спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД i СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн. чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс. чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял. гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс. чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав. вайск. часцей (гл. Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Літ.:

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 88