БЕ́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў ліп. 1808 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — г. Бельск-Падляскі. З 1842 у Гродзенскай губерні. Пл. 3130,1 кв. вярсты, нас. 164 441 чал. (1897). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1918 у складзе Польшчы, з 1919 у Беластоцкім ваяводстве. Паводле Рыжскага дагавора 1921 застаўся ў Польшчы. З 1939 у БССР, у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны Бельскі, Бранскі, Кляшчэльскі, Семятыцкі, Цехановецкі і Гайнаўскі р-ны. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Бельскага павета перайшла да Польшчы.
т. 3, с. 92
БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,
прывілей, абвешчаны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.
т. 3, с. 92
БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ
(Bielsk Podlaski),
горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс. ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд. метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел. гіст. т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.
Д.Фіёнік (гісторыя).
т. 3, с. 92
БЕ́ЛЬТЫНГ
(ад англ. belting прывадны пас),
шчыльная і трывалая тэхнічная тканіна з кручанай баваўнянай пражы. Вырабляецца палатняным перапляценнем; больш трывалыя гатункі бельтынгу — з дабаўленнем хім. валокнаў. Ідзе на выраб канвеерных стужак і прагумаваных шматслойных прывадных пасаў.
т. 3, с. 93
БЕЛЬТ ВЯЛІ́КІ
(дацкае Store Baelt),
цэнтральны праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Лолан і Зеландыя на У і Лангелан і Фюн на З. Даўж. каля 120 км, найменшая шыр. 10 км, глыб. на фарватэры 12 м. У суровую зіму замярзае. Чыг. паром паміж гарадамі Нюбарг (в-аў Фюн) і Корсёр (в-аў Зеландыя).
т. 3, с. 93
БЕЛЬТ МАЛЫ́
(дацкае Lille Baelt),
заходні праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Фюн і Эрэ на У, в-вам Альс і п-вам Ютландыя на З. Даўж. каля 130 км, найменшая шыр. 0,6 км. Глыб. на фарватэры 10 м. У суровыя зімы замярзае. Праз Бельт малы пабудаваны чыг. (на магістралі Гамбург—Капенгаген—Стакгольм) і 2 аўтамаб. масты.
т. 3, с. 93
БЕЛЬЦЮКО́ВА Ангеліна Пятроўна
(н. 10.12.1924, г. Кіраў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1949). Выкладала ў Львоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, у 1964—79 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне маст. афармлення тканін, распрацоўвае эскізы дэкар. і манум. габеленаў. Сярод работ: ворсавы дыван «Скалярыі» (1967), габелены «Спадчына» (1979) і «Айчына», габелен-заслона для тэатра муз. камедыі Беларусі (абодва 1980, усе з А.М.Кішчанкам); «Ружы» (1987), «Світанне» (1988), «Летні дзень» (1989), трыптых «Абпаленая Белая Русь» (1993) і інш.
т. 3, с. 93
БЕЛЬЦЮКО́Ў Сяргей Пятровіч
(н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг. муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 93