АРЭ́ХАЎСКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Левы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Пабудаваны ў 1905—10, рэканструяваны ў 1973. Даўжыня 34 км. Пачынаецца з возера Арэхавец на тэрыторыі Валынскай вобласці, вусце на Паўночным Захадзе ад вёскі Выгода. Прытокі: каналы Лелікаўскі, Церабовіцкі, Дзівінскі (злева), Павіцценскі і Травінскі (справа).
т. 2, с. 16
АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,
балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс. га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн. т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс. га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс. га, хваёвы лес.
т. 2, с. 16
АРЭ́ХАЎСКІ РАЁН.
Існаваў у 1946—56 у Віцебскай вобласці. Утвораны 9.9.1946. Цэнтр — г.п. Арэхаўск. Пл. 0,8 тыс. км, 92 нас. пункты, у тым ліку рабочы пасёлак Асінторф. Падзяляўся на 8 сельсаветаў. Скасаваны 17.12.1956.
т. 2, с. 16
АРЭ́ХВА Мікалай Сямёнавіч
(24.11.1902, в. Баруны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 16.7.1990),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). З 1923 у апараце ЦК ВЛКСМ. У 1924 старшыня Часовага Бел. Бюро ЦК РКСМ, 1-ы сакратар ЦК КСМБ, чл. ЦВК БССР. З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага акр. к-та, чл. ЦК КПЗБ. У 1926 арыштаваны і на 5 гадоў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934—35 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1935 чл. Бюро, з 1936 прадстаўнік ЦК КПЗБ пры арганізац. апараце ЦК КПП у Празе. З 1939 у СССР. У Вял. Айч. вайну ў 1944 у Войску Польскім. З 1945 у апараце Мін-ва грамадскай бяспекі ПНР. У 1956—84 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Складальнік зборнікаў дакументаў, аўтар успамінаў і даследаванняў па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у тым ліку калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966).
Тв.:
Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.
І.П.Хаўратовіч.
т. 2, с. 16
АРЭЦІ́НА
(Aretino) П’етра (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
т. 2, с. 16
АРЭ́ШАК
(nucula),
аднанасенны плод з цвёрдым сухім каляплоднікам, які не зрастаецца з насеннем і не раскрываецца. Развіваецца з аднаго пладалісціка. Можа быць часткай складанага плода (напр., асобны плодзік шматарэшка казяльцу). Часам арэшкам называюць і інш. дробныя арэшкападобныя плады, напрыклад плады дымніцы, грэчкі, агурочнікавых, ясноткавых, малачаевых (гл. Плод).
т. 2, с. 16
АРЭ́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Дзмітравіцкім с/с Бярэзінскага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 37 км на ПнУ ад Беразіна, 140 км ад Мінска, 55 км ад чыг. ст. Барысаў. 425 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі курганны могільнік стараж.-слав. Часу.
т. 2, с. 16
АРЭ́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Талькаўскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 26 км на ПдУ ад Мар’інай Горкі, 84 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Талька. 247 ж., 96 двароў (1995). Б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 16
АРЭ́ШНІК,
род кветкавых раслін, гл. Ляшчына.
т. 2, с. 16
АРЭ́ШНІКАЎ Віктар Міхайлавіч
(20.1.1904, г. Перм — 15.3.1987),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1969), акадэмік АМ СССР (1954). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (1924—27, Ленінград). З 1948 праф., у 79 рэктар Ленінградскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна. Аўтар карцін на гіст.-рэв. тэмы («У штабе абароны Петраграда», 1949, і інш.), партрэтаў С.С.Гейчанкі (1964), Б.Б.Піятроўскага (1971), «Пскавіцянка» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950.
т. 2, с. 16