АРЭЦІ́НА
(Aretino) П’етра (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)