Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЭЛЬЯ́НА

(Orellana) Франсіска дэ (1505 або 1511, горад Трухільё, Іспанія — 1546 або 1550),

іспанскі канкістадор; першы еўрапеец, які перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай частцы мацерыка і прасачыў сярэдняе і ніжняе цячэнне Амазонкі. Прымаў удзел у заваяванні Перу (1532—34) пад кіраўніцтвам Ф.Пісара. 26.12.1541 выйшаў з форта Гуаякіль, перабраўся цераз Анды, спусціўся да вусця ракі Напа і выплыў у Амазонку. 26.8.1542 дасягнуў Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 11

АРЭ́НА

(лацінскае arena літаральна пясок),

1) у Старажытным Рыме круглая або авальная пасыпаная пяском пляцоўка ў цэнтры амфітэатра. Выкарыстоўвалася для паказу баёў гладыятараў і дзікіх звяроў, конных спаборніцтваў і інш. Ад гледачоў аддзялялася вадзяным ровам ці спецыяльнай агароджай.

2) У цыркавых будынках арэна (манеж) — месца паказу, ігравая пляцоўка, на якой дэманструюцца цыркавыя нумары. Зрэдку выкарыстоўвалася для эксперыментальных тэатральных паказаў.

3) Адкрытае або закрытае збудаванне для правядзення спартыўных спаборніцтваў, музычных і эстрадных фестываляў і іншых масавых мерапрыемстваў.

т. 2, с. 11

АРЭНБУ́РГ,

горад у Расіі, цэнтр Арэнбургскай вобласці, на рацэ Урал. 573,3 тысяч жыхароў (1994). Чыгуначны вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (свідравальнае і газаперапрацоўчае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідрапрэсы і інш.), хімічная (гумава-тэхнічныя вырабы), лёгкая (тэкстыльная, вытворчасць пуховых хустак), харчовая (мукамольная, камбікормавая, мясная) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. 5 ВНУ. Музеі.

т. 2, с. 11

АРЭНБУ́РГСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае, у Расіі, на паўднёвай ускраіне горада Арэнбург. У межах Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна. Адкрыта ў 1966, распрацоўваецца з 1971. Пачатковыя запасы метанавага газу 1780 млрд. м³. Выяўлены 3 паклады (1987) на глыбіні 1,5—2,3 км. Колькасць кандэнсату 76 г/м³. Цэнтр здабычы — горад Арэнбург.

т. 2, с. 11

АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.

Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На 3 увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на Усходзе Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На Паўднёвым Усходзе бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Поўдні і Паўднёвым Усходзе каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у тым ліку Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.

Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у тым ліку цэменту). Здабыча газу (гл. Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».

П.І.Рагач.

т. 2, с. 11

АРЭНБУ́РГСКАЯ ПАРО́ДА козаў, пуховага кірунку. Выведзена ў Арэнбургскай вобласці працяглым адборам мясцовых козаў па пуховай прадукцыйнасці. Гадуюць у Арэнбургскай, Чэлябінскай абласцях, Башкортастане і Казахстане.

Жывёлы буйныя, рухомыя, моцнай канстытуцыі, з добра развітымі рагамі. Маса казлоў 55—65, матак 44—45 кг. Воўна складаецца з цёмна-шэрага тонкага пуху даўжынёй 5—6 см і грубай восці чорнага колеру даўжынёй 7—9 см, радзей пух і восць белыя. Начос пуху з дарослай жывёліны 180—400 г; выкарыстоўваюць на выраб пуховых хустак і шаляў. Выхад чыстай воўны 96%. Удой за лактацыю 90—120 кг, тлустасць малака 4,8—5%. Пладавітасць 130—140%.

У.І.Баброў.

т. 2, с. 12

АРЭНБУ́РГСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́САЎ,

грамадская культурна-асветная арганізацыя беларускіх бежанцаў 1-й сусветнай вайны ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў Арэнбурга і ваколіц. Старшыня камітэта гуртка Б.І.Лагутка, таварыш старшыні У.Путчэўскі, сакратар В.Кот. Гурток меў на мэце аб’яднаць беларускія культурныя сілы для пашырэння сярод беларусаў друкаванага роднага слова, праўдзівых ведаў па яе гісторыі і этнаграфіі. Пры ім была бібліятэкака-чытальня, праводзіліся лекцыі, канцэрты, спектаклі. Выступаў за палітычнае і культурна-нацыянальнае самавызначэнне Беларусі, падтрымліваў Беларускую раду ў Мінску. Летам 1918 наладзіў сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 12

АРЭНГЕ́ЙМ Леан Тэадоравіч

(падпольны псеўданім Ота Немчыц; 1861, Рыга — 1911?),

дзеяч рэвалюцыйнага руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Нова-Александрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі (горад Пулавы, Польшча), у 1883 выключаны. Выехаў у Пецярбург, потым у Варшаву, дзе ўступіў у партыю «Пралетарыят», браў удзел у стварэнні яе падпольнай друкарні. Падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі Гродна і Віцебска. У 1883 выехаў на радзіму, аказваў фінансавую і іншую дапамогу беларускім і польскім рэвалюцыянерам. 14.11.1884 арыштаваны ў сваім маёнтку Марыянполь (Віцебская губерня), у ліпені 1885 зняволены на 8 месяцаў у турму. Пасля жыў у Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі.

т. 2, с. 12

АРЭ́НДА

(польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),

маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.

Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.

На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.

Л.А.Лобан.

т. 2, с. 12

АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у тым ліку не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.А.Салановіч.

т. 2, с. 12