Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ З’ЯВЫ сукупнасць з’яў, звязаных з патокамі носьбітаў зараду, выкліканымі градыентам т-ры, і пераносам цяпла эл. токам. Да Т.з. адносяцца Зеебека з’ява, Пельцье з’ява, Томсана з’ява. Прычына Т.з. — парушэнне цеплавой раўнавагі ў патоку носьбітаў току. На Т.з. заснавана работа тэрмаэл. датчыкаў т-ры, халадзільных установак, тэрмаэл. генератараў, тэрмастатаў, анізатропных тэрмаэлементаў, сістэм ахаладжэння некаторых электронных прылад і інш.

т. 16, с. 138

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, тэрмаэлектрагенератар,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную на аснове Зеебека з’явы\ від крыніцы току. Складаецца з тэрмабатарэй, набраных з паўправадніковых тэрмаэлементаў, злучаных паслядоўна ці паралельна.

Т.г. адрозніваюць паводле тыпу крыніцы цяпла — ізатопныя (найб. пашыраны), сонечныя, на арган. паліве і інш.; паводле дыяпазону рабочых т-р — нізка-, сярэдне- і высокатэмпературныя (дыяпазоны 20—300, 300—600, 600—1000 °C адпаведна). Ккдз лепшых Т.г. — 15—20%. Магутнасць — ад некалькіх мікрават да соцень кілават. Асн. перавагі ў параўнанні з электрамашыннымі пераўтваральнікамі энергіі (напр., з турбагенератарам) — адсутнасць рухомых частак, высокая надзейнасць, вял. тэрмін службы (да 25 гадоў), аўтаномнасць і інш. Выкарыстоўваюцца для электрасілкавання аддаленых і цяжкадаступных спажыўцоў эл. энергіі (аўтам. маякоў, навігацыйных буёў, метэаралаг. станцый, касм. апаратаў і інш.).

т. 16, с. 138

ТЭРМАЭЛЕМЕ́НТ,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную ці электрычнай энергіі ў цеплавую, дзеянне якой грунтуецца на адной з тэрмаэлектрычных з’яў.

Складаецца з 2 разнародных эл. праваднікоў ці паўправаднікоў, злучаных (пайкай або зваркай) у адным месцы. Т., якія пераўтвараюць цеплавую энергію ў электрычную, заснаваны на Зеебека з’яве. Калі кантакты Т. падтрымліваюць пры розных т-рах, то ў ланцугу ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, а пры замыканні ланцуга — эл. ток. Такія Т. найб. пашыраны для вымярэння т-ры (гл. Тэрмапара) і інш. фіз. велічынь, вымярэнне якіх можна звесці да вымярэння т-ры: сілы пераменнага току, патоку праменнай энергіі, вільготнасці, ціску газу, скорасці патоку вадкасці ці газу і інш.; выкарыстоўваюцца таксама для стварэння тэрмаэлектрычных генератараў.

Дзеянне Т., якія пераўтвараюць эл. энергію ў цеплавую, заснавана на Пельцье з’яве. Пры прапусканні эл. току праз Т. на адным з яго кантактаў адбываецца паглынанне, на другім — вылучэнне цяпла. На такіх Т. заснавана работа халадзільнікаў, кандыцыянераў, тэрмастатаў тэрмаэл. тыпу.

т. 16, с. 138

ТЭРМАЭМІСІ́ЙНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ЭНЕ́РГІІ,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі.

Найпрасцейшы Т.п.э. мае катод (эмітэр) і анод (калектар), раздзеленыя вакуумным прамежкам і вырабленыя з тугаплаўкіх металаў (напр., вальфраму, малібдэну, рэнію). Да эмітэра ад крыніцы цяпла (ядзернай, сонечнай ці газаполымнай) падаецца цеплавая энергія, дастатковая для ўзнікнення тэрмаэлектроннай эмісіі. Выпрамененыя электроны пераадольваюць міжэлектродны прамежак і трапляюць на калектар. Для атрымання аптымальных значэнняў работ выхаду электронаў з эмітэра і калектара, а таксама кампенсацыі прасторавага зараду электронаў у міжэлектродным прамежку ў яго ўводзяць пару цэзію.

т. 16, с. 138

ТЭРМАЯ́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,

гл. ў арт. Ядзерная зброя.

т. 16, с. 138

ТЭРМАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

ядзерныя рэакцыі паміж лёгкімі атамнымі ядрамі (вадароду, дэйтэрыю, трытыю і інш.), што адбываюцца пры звышвысокіх т-рах (T ≥ 10​7—10​8 К).

Найб. тыповыя Т.р. — рэакцыі зліцця (сінтэзу) лёгкіх ядраў у больш цяжкія — абумоўлены малой энергіяй сувязі нуклона ў такіх ядрах і іх рыхлай структурай. Т.р. прыводзяць да вылучэння вял. колькасці энергіі (напр., ​1H + ​3T → ​4He + 19,7 МэВ). Адбываюцца пры збліжэнні ядраў на адлегласць, параўнальную з радыусам дзеяння ядз. сіл, і пераадоленні імі кулонаўскага патэнцыяльнага бар’ера, што магчыма толькі пры вельмі высокай кінетычнай энергіі ядраў. Звышвысокая т-ра неабходна толькі на пачатку Т.р., потым яна падтрымліваецца энергіяй, што вылучаецца. У розных Т.р. колькасць энергіі (энергавылучэнне) амаль аднолькавая, аднак эфектыўныя сячэнні ўзаемадзеяння, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення Т.р., адрозніваюцца на некалькі парадкаў; найб. эфектыўныя сячэнні маюць рэакцыі ​2D + ​2D і ​2D + ​3T. На Сонцы і інш. зорках Т.р. — асн. крыніца энергіі. Штучныя Т.р. ажыццёўлены пры выбухах вадародных бомбаў (гл. Ядзерная зброя), у якіх неабходную для Т.р. т-ру атрымліваюць у выніку выбуху атамнага запалу. Кіроўныя Т.р. магчымы, калі ў тэрмаядз. рэактары доўгі час утрымліваюць дастаткова шчыльную высокатэмпературную плазму пры яе эфектыўнай тэрмаізаляцыі ад навакольнага асяроддзя. Тэрмаядз. рэактары з’яўляюцца перспектыўнымі крыніцамі энергіі з-за практычна невычарпальных запасаў таннага дэйтэрыевага паліва ў водах акіянаў, бяспекі адносна выбухаў і радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Арцимович Л.А. Управляемые термоядерные реакции. М., 1963;

Балабанов Е.М. Термоядерные реакции. М., 1963;

Гинзбург В.Л. Современная астрофизика. М., 1970;

Лукьянов С.Ю. Горячая плазма и управляемый ядерный синтез. М., 1975;

Ядерная астрофизика: Пер. с англ. М., 1986.

Э.​А.​Рудак.

т. 16, с. 138

ТЭРМЕ́З,

горад, цэнтр Сурхандар’інскай вобл. Узбекістана. На Пд рэспублікі, каля граніцы з Афганістанам па р.

Амудар’я, пры ўпадзенні р. Сурхандар’я. Каля 100 тыс. ж. (2001). Рачны порт, чыг. вузел на шляху ў Афганістан. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, буд. матэрыялаў, харчовая. Тэатр. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 1—3 ст. і сярэдніх вякоў, у т. л. будысцкія манастыры (1—3 ст.) Фаяз-Тэпе і Кара-Тэпе (пячорны), рэшткі горада 9—12 ст., мазар Хакіма-ат-Тэрмезі (11—15 ст.), ансамбль маўзалеяў Султан-Саадат (11—17 ст.) і інш.

Каля сучаснага Т. знаходзіцца гарадзішча стараж. Т., які існаваў ужо ў 3—2 ст. да н.э. Яго росквіт прыпадае на часы Кушанскай дзяржавы (1—4 ст. н.э.). У канцы 7 ст. захоплены арабамі. У 9—12 ст. Т. — буйны горад, адм. і гандл.-рамесны цэнтр, рачны порт. У 1220 разрабаваны войскамі Чынгісхана і заняпаў. Адноўлены ў 2-й пал. 13 ст. на правым беразе Сурхандар’і, дзе існаваў да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. ў вусці Сурхандар’і, каля пераправы цераз Амудар’ю, узнікла паселішча Патыгісар, а ў канцы 19 ст. непадалёку — рус. пагранічны пост. З іх і вырас горад, які ў 1928 атрымаў стараж. назву Т.

т. 16, с. 138

ТЭРМЕНВО́КС (ад прозвішча вынаходцы + лац. vox голас),

першы ў Расіі электрамузычны інструмент, у якім эл. хвалі пераўтвараюцца ў гукавыя. Вынайдзены ў 1920 рус. вучоным Л.​Тэрменам. Муз. гук у Т. ствараецца ў выніку эл. ваганняў гукавых частот, якія ўзбуджаюцца генератарам, узмацняюцца ўзмацняльнікам эл. ваганняў і пераўтвараюцца гучнагаварыцелем у гукавыя. Вышыня і моц гуку (частата і амплітуда ваганняў генератара) рэгулюецца метал. верт. стрыжнем, злучаным з метал. дугой. Выканаўца кіруе работай Т., змяняючы адлегласць далоняў рук: адной адносна стрыжня рэгулюецца вышыня гуку, другой адносна дугі рэгулюецца яго гучнасць. У першапач. варыянце Т. узнаўляў аднагалосую музыку. У 1970-я г. Тэрмен вынайшаў варыянт Т., які ўзнаўляе шматгалосую музыку.

т. 16, с. 138

ТЭРМІДАРЫЯ́НСКІ ПЕРАВАРО́Т,

палітычны пераварот 27—28.7.1794 (паводле рэсп. календара 9—10 тэрмідора 2-га года рэспублікі) у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, у выніку якога скінута дыктатура групоўкі якабінцаў на чале з М.Рабеспёрам. Летам 1794 незадаволеныя палітыкай рабесп’ерыстаў (жорсткі тэрор, няздольнасць выйсці з эканам. крызісу і інш.) правыя і левыя дэпутаты Канвента пры кіруючай ролі прадстаўнікоў «новай» буржуазіі («правых тэрмідарыянцаў» Ж.​Л.​Тальена, П.​Бараса і Ж.Фушэ) і падтрымцы астатніх дэпутатаў («балота») арганізавалі змову. 9 тэрмідора Рабесп’ер разам з прыхільнікамі (Л.​Сен-Жуст, Ж.​Кутон і інш.) арыштаваны Канвентам, але быў вызвалены нацыянальнай гвардыяй і падтрыманы Парыжскай камунай. У ноч на 10 тэрмідора ён зноў арыштаваны і раніцай разам з прыхільнікамі без суда пакараны смерцю (абезгалоўлены). Уся ўлада фармальна перайшла да Канвента, фактычна — да кіраўнікоў тэрмідарыянскай змовы.

т. 16, с. 138