ТЭРМЕ́З,
горад, цэнтр Сурхандар’інскай вобл. Узбекістана. На Пд рэспублікі, каля граніцы з Афганістанам па р.
Амудар’я, пры ўпадзенні р. Сурхандар’я. Каля 100 тыс. ж. (2001). Рачны порт, чыг. вузел на шляху ў Афганістан. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, буд. матэрыялаў, харчовая. Тэатр. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 1—3 ст. і сярэдніх вякоў, у т. л. будысцкія манастыры (1—3 ст.) Фаяз-Тэпе і Кара-Тэпе (пячорны), рэшткі горада 9—12 ст., мазар Хакіма-ат-Тэрмезі (11—15 ст.), ансамбль маўзалеяў Султан-Саадат (11—17 ст.) і інш.
Каля сучаснага Т. знаходзіцца гарадзішча стараж. Т., які існаваў ужо ў 3—2 ст. да н.э. Яго росквіт прыпадае на часы Кушанскай дзяржавы (1—4 ст. н.э.). У канцы 7 ст. захоплены арабамі. У 9—12 ст. Т. — буйны горад, адм. і гандл.-рамесны цэнтр, рачны порт. У 1220 разрабаваны войскамі Чынгісхана і заняпаў. Адноўлены ў 2-й пал. 13 ст. на правым беразе Сурхандар’і, дзе існаваў да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. ў вусці Сурхандар’і, каля пераправы цераз Амудар’ю, узнікла паселішча Патыгісар, а ў канцы 19 ст. непадалёку — рус. пагранічны пост. З іх і вырас горад, які ў 1928 атрымаў стараж. назву Т.
т. 16, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)