ТЭРМЕНВО́КС (ад прозвішча вынаходцы + лац. vox голас),

першы ў Расіі электрамузычны інструмент, у якім эл. хвалі пераўтвараюцца ў гукавыя. Вынайдзены ў 1920 рус. вучоным Л.​Тэрменам. Муз. гук у Т. ствараецца ў выніку эл. ваганняў гукавых частот, якія ўзбуджаюцца генератарам, узмацняюцца ўзмацняльнікам эл. ваганняў і пераўтвараюцца гучнагаварыцелем у гукавыя. Вышыня і моц гуку (частата і амплітуда ваганняў генератара) рэгулюецца метал. верт. стрыжнем, злучаным з метал. дугой. Выканаўца кіруе работай Т., змяняючы адлегласць далоняў рук: адной адносна стрыжня рэгулюецца вышыня гуку, другой адносна дугі рэгулюецца яго гучнасць. У першапач. варыянце Т. узнаўляў аднагалосую музыку. У 1970-я г. Тэрмен вынайшаў варыянт Т., які ўзнаўляе шматгалосую музыку.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)