Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫП (франц. type ад грэч. typos адбітак, вобраз),

1) узор, форма чаго-н. з істотнымі якаснымі прыкметамі, мадэль для чаго-небудзь.

2) Адзінка расчлянення вывучаемай рэальнасці ў тыпалогіі.

3) Чалавек, надзелены пэўнымі характэрнымі рысамі (знешнімі ці ўнутр.), яркі прадстаўнік якой-н. групы людзей, у прыватнасці саслоўя, нацыі, эпохі.

4) У л-ры і мастацтве — маст. вобраз чалавечай індывідуальнасці, найб. верагоднай, рэпрэзентатыўнай, «узорнай» для пэўнай грамадскай сферы (настаўнік дарэв. часу А.​Лабановіч у трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»); абагулены ці завостраны вобраз чалавека. які найб. ярка выражае асаблівасці пэўнага сац. ладу, нац. менталітэту, агульначалавечых схільнасцей ці заган (персанажы «Пінскай шляхты» В.​Дуніна-Марцінкевіча). Гл. Тыповае ў мастацтве.

5) Таксанамічная катэгорыя або адзінка класіфікацыі ў ландшафтазнаўстве і інш. навуках, якія вывучаюць асобныя кампаненты прыроднага асяроддзя: тыпы рэльефу, клімату, глеб і інш.

т. 16, с. 76

ТЫП у біялогіі,

вышэйшая таксанамічная адзінка ў сістэматыцы жывёл, якая аб’ядноўвае розныя класы. Адлюстроўвае асн. галіны філагенет. дрэва жывёл. Тэрмін прапанаваў у 1825 франц. вучоны А.​Бленвіль, які назваў Т. 4 «галіны» жывёл, вылучаныя ў 1812 Ж.Кюўе. Увесь жывёльны свет па розных сістэмах падзяляюць на 10—33 Т. Выкапнёвая і сучасная фауна Беларусі прадстаўлена 15—19 Т.; 5—9 Т. прасцейшых, губкі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві, малюскі, першаснаполасцевыя чэрві, плечаногія, плоскія чэрві, хордавыя, членістаногія. Аб’ём розных Т. неаднолькавы (напр., у губак каля 5 тыс. відаў, а ў малюскаў каля 130 тыс.). Паміж Т. і класам часта ўводзяць прамежкавыя катэгорыі: падтып, надклас. Напр., Т. хордавых падзяляюць на 3 падтыпы: абалоннікаў, ці лічынкавахордавых, бесчарапных і чарапных, ці пазваночных. Усе арганізмы аднаго Т. характарызуюцца адзіным планам будовы. У сістэматыцы раслін Т. адпавядае аддзел.

т. 16, с. 76

ТЫПАГЕНЕ́З (ад тып + ...генез) у біялогіі, узнікненне ў працэсе эвалюцыі новых сістэм. груп высокага рангу. Тэрмін прапанаваў ням. геолаг і палеантолаг О.​Шындэвольф (1936). Паводле яго меркавання, новыя групы высокага рангу павінны былі ўзнікаць раптоўна, скачком, а не ў працэсе паступовага развіцця. Памылковая гіпотэза Т. засн. на перабольшанні значэння непаўнаты палеанталагічнага летапісу.

т. 16, с. 76

ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іх генет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл. Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.​Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.​Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.​Мешчанінаву, Т.​Мілеўскаму, Н.​Мячкоўскай, У.​Скалічку, Б.​Успенскаму і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;

Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 76

ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),

навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.​Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл. Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 16, с. 77

ТЫПАЛО́ГІЯ МО́ЎНАЯ,

параўнальна-супастаўляльнае даследаванне структурна-функцыянальных уласцівасцей адзінак мовы ў сінхранічным плане без уліку генетычных сувязей моў. Разам з параўнальна-гіст. кірункам у мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства) з’яўляецца тэарэт. базай для фарміравання і фармулявання палажэнняў агульнага мовазнаўства, агульнай тэорыі натуральных моў. Абапіраючыся на даныя, атрыманыя ў сінхранічным даследаванні паасобных моў, у т. л. мёртвых, Т.м. імкнецца да фармулявання палажэнняў, якія датычацца або ўсіх вядомых моў (гл. Універсаліі моўныя), або пэўных груп (тыпаў) моў. Т.м. грунтуецца на ўліку таго, што ў мовах, якія супастаўляюцца, ёсць і агульнае, і адрознае, спецыфічнае. Адносіны, што ўзнікаюць пры гэтым паміж фактамі, элементамі, уласцівасцямі прыватнымі і агульнымі, адзінкавымі і пашыранымі ў многіх мовах, грунтуюцца на сувязі паміж разнароднымі формамі і адпавядаючым ім адным і тым жа сэнсе, г.зн. функцыі. На падставе функцыянальнай агульнасці форм розныя мовы могуць быць аб’яднаны ў групы, або тыпы (гл. Тыпалагічная класіфікацыя моў). У залежнасці ад таго, якія фармальныя адзінкі разглядаюцца, Т.м. падзяляецца на тыпалогію фаналагічную, марфал., сінтакс. і лексічную. Фаналагічная тыпалогія моў грунтуецца на ўліку таго, якія фанет. ўласцівасці гукаў і ў якой ступені выкарыстоўваюцца фаналагічна, г.зн. для адрознення значэння марфем і слоў. На гэтай падставе вылучаюць мовы вакалічныя (напр., французская) і кансанантычныя (напр., польская). Інш. фаналагічная групоўка моў атрымліваецца пры ўліку фаналагічнага выкарыстання прасадычных рысаў галосных і складоў ці фаналагічнай структуры саміх складоў. Марфалагічная тыпалогія абапіраецца пераважна на адрозненні моў па наяўнасці ці адсутнасці ў іх сістэмах такой адзінкі, як слова, а таксама па тыпах і характары спалучэнняў марфем у слове ці сказе. Сінтаксічная тыпалогія будуецца на аналізе структурных схем сказаў, у якіх знаходзяць увасабленне прыватныя і агульныя моўныя заканамернасці сувязей членаў сказа, парадку элементаў у словазлучэнні і сказе, іх катэгарыяльныя і семантычныя ўласцівасці, правілы пабудовы складаных сінтакс. адзінак і г.д. Лексічная тыпалогія заснавана на якасных і колькасных характарыстыках слоўнікаў асобных моў, на высвятленні разгалінаванасці, члянімасці і багацці разнастайных груповак слоў, на аналізе тыпаў значэнняў, спосабаў намінацыі з’яў, прадметаў і інш. Тыпалагізацыя моў можа грунтавацца таксама на сацыялагічных, арэальных, культуралагічных, экспрэсіўна-ацэначных і інш. падставах. Т.м. дае магчымасць вылучыць і апісаць такія ўласцівасці моў, што не могуць быць заўважаны пры інш. падыходах і служыць для навук. арыентацыі ў бязмежнай рэальнай разнастайнасці натуральных моў у свеце. Асобны выпадак Т.м. — тыпалагічнае даследаванне адной, асобна ўзятай мовы, але гэта магчыма толькі пры ўмове наяўнасці папярэдне пабудаванай дэдуктыўнай семіялагічнай мадэлі, з якой супастаўляецца даследуемая мова.

Літ.:

Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000;

Language typology 1985. Amsterdam, 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 77

ТЫПАМАРФІ́ЗМ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + morfe форма) мінералаў, генетычная абумоўленасць тыповых прыкмет і фіз.-хім. уласцівасцей мінералаў (формы і памеры крышталёў, двайнікі, штрыхаватасць, характар агрэгатаў, колер, бляск, шчыльнасць і інш.). Характарызуе асаблівасці мінералаўтваральнага асяроддзя (т-ру, ціск, варыяцыі шчолачнасці — кіслотнасці, састаў раствораў або расплаваў і інш.). Напр., касітэрыт з пегматытавых жыл — біпірамідальны, колер смаляна-чорны; касітэрыт з гідратэрмальных радовішчаў — прызматычны, ігольчасты, колер буры і светла-буры. Т. улічваецца пры ацэнцы ступені руданоснасці горных парод, прамысл. значэння рудапраяўленняў і інш.

т. 16, с. 77

ТЫПАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...метрыя),

сістэма мер, якая выкарыстоўваецца для вымярэння элементаў шрыфтоў, друкарскіх форм, набору (літар, прабельных матэрыялаў, радкоў, палос і інш.). Асн. адзінкі Т. — пункт (0,376 мм) і квадрат, роўны 48 пунктам (18,048 мм); прамежкавыя — нанпарэль, петыт, цыцэра. Гл. таксама Сістэма друкарскіх мер.

т. 16, с. 78

ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,

сістэма пашыранага злічэння прэдыкатаў або аксіяматычная тэорыя мностваў, якая ўключае пераменныя розных тыпаў. Прапанавана англ. філосафам і матэматыкам Б.Раселам у 1908. Паводле яго задумы, Т.т. павінна была прадухіліць магчымасць з’яўлення антыномій, або парадоксаў, у мностваў тэорыі Г.​Кантара. Згодна з гэтай канцэпцыяй усе пераменныя, якія выкарыстоўваюцца ў логіцы і мове, расслойваюцца на асобныя тыпы, у выніку чаго мноствы (класы) і іх элементы разглядаюцца толькі ў межах пэўнай іерархіі з абавязковай умовай — тып элемента мноства павінен быць на адзінку меншы за тып самога мноства. Замест адной пераменнай у сістэме можна падставіць інш. толькі таго ж тыпу. Побач з сістэмамі, тыпы пераменных якіх могуць быць выражаны натуральным радам паслядоўных лікаў, улічваюцца і сістэмы больш высокага ўзроўню з трансфінітыўнымі іерархіямі тыпаў. Усё гэта складае змест т.зв. простай Т.т. У працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.​Уайтхед выклалі разгалінаваную Т.т., у якой аб’екты ўнутры кожнага тыпу падзяляюцца на ўзроўні (пласты). Гэта тэорыя дазваляе вывучаць аб’екты з выкарыстаннем схем любой складанасці. Побач з гэтай логіка-матэм. канструкцыяй існуюць Т.т. і ў інш. сферах навук. пазнання. Напр., у сацыялогіі вядома ідэальных тыпаў тэорыя М.​Вебера. Уклад у сістэму Т.т. зрабіла сфармуляваная швейцарскім псіхааналітыкам К.​Г.​Юнгам канцэпцыя «архетыпаў» (найстаражытных адвечных тыпаў, звычайна неўсвядомленых, якія як рэшткі памяці мінулага перадаюцца з пакалення ў пакаленне і зафіксаваны ў структурах унутранага свету чалавека, у розных рэліг. сімвалах і міфал. сюжэтах). У фізіялогіі важнае значэнне мела вучэнне І.​П.​Паўлава пра вышэйшую нерв. дзейнасць. Т.т. грамадстваў сфармуляваў Н.​Луман (Германія), культуры — М.​Мід, сац. сістэм — Т.​Парсанс (ЗША).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 16, с. 78

ТЫПІЗА́ЦЫЯ ў тэхніцы і будаўніцтве,

распрацоўка тыпавых чарцяжоў, праектаў (рашэнняў) на аснове агульных для шэрагу вырабаў (канструкцый, збудаванняў, тэхнал. працэсаў або работ) тэхн. характарыстык, адзін з метадаў стандартызацыі і уніфікацыі.

У тэхніцы Т. служыць асновай для групавых метадаў апрацоўкі дэталей і вузлоў, паточна-масавай і серыйнай вытв-сці па найб. дасканалых тэхналогіях. Дазваляе адбіраць узоры з найлепшымі параметрамі і тыпапамерамі, уніфікаваныя элементы, тыпавое абсталяванне і аснастку тэхналагічную. У будаўніцтве Т. ажыццяўляецца на аснове модульнай сістэмы (гл. Модуль у архітэктуры), характарызуецца выкарыстаннем тыпавых секцый і канструкцый, стандартных дэталей. Паскарае праектаванне аб’ектаў, скарачае тэрміны ўзвядзення будынкаў і збудаванняў, садзейнічае ўкараненню прагрэс. метадаў вытв-сці, павышэнню прадукцыйнасці працы, паляпшэнню якасці прадукцыі.

т. 16, с. 78