ТЫП у біялогіі,
вышэйшая таксанамічная адзінка ў сістэматыцы жывёл, якая аб’ядноўвае розныя класы. Адлюстроўвае асн. галіны філагенет. дрэва жывёл. Тэрмін прапанаваў у 1825 франц. вучоны А.Бленвіль, які назваў Т. 4 «галіны» жывёл, вылучаныя ў 1812 Ж.Кюўе. Увесь жывёльны свет па розных сістэмах падзяляюць на 10—33 Т. Выкапнёвая і сучасная фауна Беларусі прадстаўлена 15—19 Т.; 5—9 Т. прасцейшых, губкі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві, малюскі, першаснаполасцевыя чэрві, плечаногія, плоскія чэрві, хордавыя, членістаногія. Аб’ём розных Т. неаднолькавы (напр., у губак каля 5 тыс. відаў, а ў малюскаў каля 130 тыс.). Паміж Т. і класам часта ўводзяць прамежкавыя катэгорыі: падтып, надклас. Напр., Т. хордавых падзяляюць на 3 падтыпы: абалоннікаў, ці лічынкавахордавых, бесчарапных і чарапных, ці пазваночных. Усе арганізмы аднаго Т. характарызуюцца адзіным планам будовы. У сістэматыцы раслін Т. адпавядае аддзел.
т. 16, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)