ТЫПАМАРФІ́ЗМ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + morfe форма) мінералаў, генетычная абумоўленасць тыповых прыкмет і фіз.-хім. уласцівасцей мінералаў (формы і памеры крышталёў, двайнікі, штрыхаватасць, характар агрэгатаў, колер, бляск, шчыльнасць і інш.). Характарызуе асаблівасці мінералаўтваральнага асяроддзя (т-ру, ціск, варыяцыі шчолачнасці — кіслотнасці, састаў раствораў або расплаваў і інш.). Напр., касітэрыт з пегматытавых жыл — біпірамідальны, колер смаляна-чорны; касітэрыт з гідратэрмальных радовішчаў — прызматычны, ігольчасты, колер буры і светла-буры. Т. улічваецца пры ацэнцы ступені руданоснасці горных парод, прамысл. значэння рудапраяўленняў і інш.
т. 16, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)