ТЫПІЗА́ЦЫЯ ў тэхніцы і будаўніцтве,

распрацоўка тыпавых чарцяжоў, праектаў (рашэнняў) на аснове агульных для шэрагу вырабаў (канструкцый, збудаванняў, тэхнал. працэсаў або работ) тэхн. характарыстык, адзін з метадаў стандартызацыі і уніфікацыі.

У тэхніцы Т. служыць асновай для групавых метадаў апрацоўкі дэталей і вузлоў, паточна-масавай і серыйнай вытв-сці па найб. дасканалых тэхналогіях. Дазваляе адбіраць узоры з найлепшымі параметрамі і тыпапамерамі, уніфікаваныя элементы, тыпавое абсталяванне і аснастку тэхналагічную. У будаўніцтве Т. ажыццяўляецца на аснове модульнай сістэмы (гл. Модуль у архітэктуры), характарызуецца выкарыстаннем тыпавых секцый і канструкцый, стандартных дэталей. Паскарае праектаванне аб’ектаў, скарачае тэрміны ўзвядзення будынкаў і збудаванняў, садзейнічае ўкараненню прагрэс. метадаў вытв-сці, павышэнню прадукцыйнасці працы, паляпшэнню якасці прадукцыі.

т. 16, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)