Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУМІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Ушачы. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПнУ ад г. Докшыцы, 201 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 387 ж., 148 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Георгіеўская царква (1864).

т. 16, с. 27

ТУМІЛО́ВІЧ Янка [Іван Людвігавіч; 19.9.1905, в. Сяліба (паводле інш. звестак, в. Жаліна) Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 21.1.1938], бел. паэт. Скончыў БДУ (1927). Працаваў выкладчыкам, у рэдакцыях рэсп. часопісаў. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1940. Друкаваўся з 1925. Быў чл. літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Пробліск». Разам з А.​Звонакам і Я.​Бобрыкам выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926). Фалькл. рамантызм у вершаванай легендзе «Зарэка» (1928). Аўтар паэмы «Ульянаў—Ленін» (апубл. часткова 1929—30).

Літ.:

Звонак А. Сціплая песня // Полымя. 1960. №6.

т. 16, с. 27

ТУ́МСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка (выцякае з возера), за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,86 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км, пл. вадазбору 172 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—7 м, разараныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 10—18 м, пад лесам. Пойма шыр. 10—250 м. Берагі нізкія, участкамі на З, Пн і У зліваюцца са схіламі, на Пн і ПнУ выш. да 1 м, параслі хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Уздоўж берага зарастае. Злучана пратокай з воз. Каймін, упадае ручай з воз. Галодна.

т. 16, с. 27

ТУМЭ́Н (манг. — дзесяць тысяч),

вышэйшая арганізац.-тактычная адзінка мангола-тат. войска ў 12—14 ст. колькасцю 10 тыс. воінаў. Т. падзяляўся на тысячы, сотні і дзесяткі. Узначальваў Т. цемнік (прызначаўся з ліку феад. знаці). У баявых парадках мангола-тат. войска Т. складаў адну з яго частак (авангард, левае або правае крыло), а таксама ўваходзіў у склад гал. сіл.

т. 16, с. 27

ТУНГ, алейнае дрэва (Aleurites),

род дрэвавых раслін сям. малачаевых. 5 (паводле інш. звестак 15) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, на а-вах Ціхага акіяна. У культуры Т.​Форда, або кітайскі (A. fordii), і сэрцападобны, ці японскі (A. cordata).

Лістападныя дрэвы выш. 15—20 м, з рэдкім, амаль кальчаковым галінаваннем. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае або 3—5-лопасцевае. Кветкі сабраныя ў складаныя мяцёлкі. Плод — касцянка. Насенне буйное, ядавітае, мае да 60% тунгавага алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці эмалей, лакаў, фарбаў. Тэхн., харч., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Тунг Форда: ліст, суквецце, плод.

т. 16, с. 27

ТУ́НГАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення тунгу. Атрымліваюць прасаваннем здробненай сыравіны. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжавага колеру, мае непрыемны пах, шчыльн. 940 кг/м³ (20 °C), т-ра застывання ад -17 да -21 °C. Раствараецца ў арган. растваральніках (акрамя метанолу і этанолу). Высыхальны алей (гл. Алеі); мае значную колькасць гліцэрыдаў ненасычаных кіслот — пераважна (71—83% ад агульнай масы кіслот) элеастэарынавай (цыс-9-транс—11—транс—13-октадэкатрыенавай) к-ты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці алкідных смол, алейных лакаў, пластыфікатар у гумавай прам-сці, а таксама ў вытв-сці лінолеуму, цыраты. Таксічны.

т. 16, с. 27

ТУНГІ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.

У Забайкаллі, у сістэме Алёкмінскага Станавіка, у Чыцінскай вобл. Расіі. Водападзел паміж верхнімі цячэннямі рэк Алёкма і Тунгір. Даўж. 180 км. Выш. да 1808 м. Складзены з метамарфічных парод, перарваных гранітамі. Па схілах — лістоўнічныя лясы, вышэй 1300 м — пояс кедравага сланіку і горнай тундры.

т. 16, с. 27

ТУНГУ́СА-МАНЬЧЖУ́РСКІЯ МО́ВЫ, тунгускія, маньчжура-тунгускія мовы,

група блізкароднасных моў Сібіры і Д. Усходу, якія, паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, уваходзяць у алтайскую моўную сям’ю (гл. Алтайскія мовы). Пашыраны ў Сярэдняй і Усх. Сібіры (значная частка таежнай зоны), на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, у Прыамур’і (Расія), Кітаі (Паўн.-Усх. Кітай, Сіньцзян-Уйгурскі аўт. раён), Манголіі (раён Баргі). Да Т.-м. м. належаць эвенкійская (з салонскай і негідальскай), эвенская, удэ(ге)йская (з орачскай), нанайская (з ульчскай і оракскай), маньчжурская (з чурчжэньскай) мовы. Інш. моўныя ўтварэнні цяжка вылучыць з-за дыялектнай раздробленасці Т.-м. м. Ім уласцівы: у фанетыцы сінгарманізм, дыфтонгі; грамат. лад аглюцінатыўны, суфіксальны; у лексіцы шмат запазычанняў з суседніх моў, у прыватнасці з рускай; для сказа характэрны намінатыўны лад. Пісьменства на чурчжэньскай мове з 12 ст. Сучаснае пісьменства на эвенкійскай, эвенскай і нанайскай мовах створана ў 1930-я.г. на аснове рус. графікі, стараж.-маньчжурскае пісьменства на манг. аснове.

Літ.:

Языки народов СССР. Т. 5. Л., 1968.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 27

ТУНГУ́СКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйн. вугальных басейнаў на тэр. Краснаярскага краю (90%), часткова Рэспублікі Саха (Якуція) і Іркуцкай вобл. ў Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на Сярэднесібірскім пласкагор’і ад р. Хатанга да Транссібірскай магістралі. Вядомы з 1860. Пл. каля 1045 тыс. км². Агульныя геал. запасы 2089 млрд. т. Вугляносныя адклады карбону—пярмі (магутнасць 350—1460 м), маюць да 40 вугальных пластоў. Вуглі бурыя, каменныя, антрацыты з шырокім марачным саставам. Выяўлены таксама бурыя вуглі юрскага і палеагенавага ўзросту.

т. 16, с. 28

ТУНГУ́СКІ МЕТЭАРЫ́Т,

касмічнае цела, выбух якога адбыўся 30.6.1908 у басейне р. Падкаменная Тунгуска. Паводле тэарэт. ацэнак меў масу 1 млн. т і рухаўся са скорасцю 60 км/с. Палёт вогненнага шара (баліда) назіраўся з адлегласці 1500 км, выбух быў чуцен на 1200 км ад месца катастрофы. Паветраная і сейсмічная хвалі, а таксама ўзбурэнні магн. поля Зямлі зарэгістраваны ў розных месцах зямнога шара. У ноч пасля падзення Т.м. на вял. тэр. Еўропы і Азіі небасхіл быў такі светлы, што на ім не было відаць зорак. На плошчы каля 2000 км², спустошанай ударнай хваляй, не было знойдзена метэарытных асколкаў. Найб. абгрунтавана меркаванне: тунгуская катастрофа — вынік сутыкнення з Зямлёй невял. каметы, ядро якой зведала надземны цеплавы выбух, а рэчыва хваста абумовіла свячэнне неба на вял. тэрыторыі.

т. 16, с. 28