БЕ́НТСАН
(Bentzon) Нільс Віга (н. 24.8.1919, Капенгаген),
дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).
т. 3, с. 101
БЕ́НУ,
у егіпецкай міфалогіі бог у выглядзе чаплі, якога шанавалі ў г. Геліопаль. Паводле міфа, Бену з’явіўся з воднага хаосу на камені-абеліску «Бенбен», што азнаменавала пачатак стварэння свету. Бену лічыўся ба (душой) Ра, пазней — Асірыса, і такім чынам, звязаны з культам мёртвых. Стараж. грэкі наз. Бену феніксам.
т. 3, с. 101
БЕНУА́ Аляксандр Мікалаевіч
(3.5.1870, С.-Пецярбург — 9.2.1960),
рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
т. 3, с. 101
БЕНУА́ Лявонцій Мікалаевіч
(23.8.1856, г. Петрадварэц Ленінградскай вобл., Расія — 8.2.1928),
рускі архітэктар. Засл. дз. маст. Расіі (1927). Сын М.Л.Бенуа. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879), выкладаў у ёй (праф. з 1892, рэктар у 1903—06 і 1911—17), у Ін-це цывільных інжынераў (1884—92, 1920—27, Пецярбург). Будаваў у Пецярбургу (Акадэмічная капэла імя М.І.Глінкі, 1885—89; корпус Рус. музея, 1914—16), Маскве, Кіеве, Варшаве, Ташкенце. Стварыў праект пераўтварэння Пецярбурга (1910—13, разам з арх. М.Перацяткавічам і інж. Ф.Янакіевым).
т. 3, с. 101
БЕНУА́ Мікалай Лявонцьевіч
(13.7.1813, С.-Пецярбург — 23.12.1898),
рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1836), выкладаў у ёй (з 1857 праф.). Дабудоўваў буйныя ансамблі, у т. л. Пецяргоф (цяпер Петрадварэц, 1848—59), па-майстэрску імітаваў розныя гіст. стылі — неаготыку (будынак пошты, 1850), неабарока (фрэйлінскія дамы, 1847—52, дом Апраксіна, 1858, усе ў Пецяргофе), рэтраспектыўна-рускі (цэрквы ў с. Лісіна-Корпус, 1858, Высокае, 1868, каля Пецяргофа), раманскі (каталіцкая царква Марыі ў Пецярбургу, 1857), тактоўна ўпісваў свае збудаванні ў арх. ансамблі ці паркавыя комплексы («Швейцарскі домік» у Кускове, 1870, Масква). Пабудаваў шэраг чыг. вакзалаў з выкарыстаннем новых метал. канструкцый.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 3, с. 101
БЕНУА́
(Benoît) Петэр Леанард Леапольд (17.8.1834, Харэлбеке, прав. Зах. Фландрыя, Бельгія — 8.3.1901),
бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням. муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.
Л.А.Сівалобчык.
т. 3, с. 102
БЕНУА́Р
(франц. baignoire),
ложы ў тэатры, размешчаныя па баках партэра на ўзроўні сцэны ці крыху ніжэй.
т. 3, с. 102
БЕ́НУЭ
(Benue),
рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.
т. 3, с. 102
БЕНЦ
(Benz) Карл Фрыдрых (25.1171844, г. Карлсруэ, Германія — 4.4.1929),
нямецкі інжынер-вынаходнік. Вынайшаў стацыянарны двухтактавы газавы рухавік (1878), заснаваў Рэйнскі з-д газавых рухавікоў (1883, г. Мангейм). У 1885, незалежна да Г.Даймлера, стварыў гарыз. аднацыліндравы чатырохтактавы бензінавы рухавік э эп. запальваннем і на яго аснове першы ў свеце аўтамабіль (1886). Паклаў пачатак серыйнай аўтамаб. вытв-сці (аўтамабіль «Вела», 1894). У 1926 заснаванае Бенцам прадпрыемства аб’ядналася з кампаніяй па вытв-сці рухавікоў Даймлера (гл. «Даймлер-Бенц»).
Л.М.Шахлевіч.
т. 3, с. 102