БЕНУА́ Аляксандр Мікалаевіч
(3.5.1870, С.-Пецярбург — 9.2.1960),
рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)