Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.

Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн. т нафты і 1675,2 млрд. м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).

т. 2, с. 7

АРЫ́НЧЫН Мікалай Іванавіч

(нарадзіўся 28.2.1914, горад Зямлянск Варонежскай вобласці, Расія),

беларускі фізіёлаг. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1966). Доктар біялагічных навук (1955), прафесар (1960). Скончыў Белацаркоўскі сельска-гаспадарчы інстытут (1937). З 1948 у медыцынскіх установах Расіі. З 1959 у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (з 1969 прарэктар). У 1966—69 і з 1975 у Інстытуце фізіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне фізіялогіі і паталогіі кровазвароту, параўнальнай і эвалюцыйнай геранталогіі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1994).

Тв.:

Периферические «сердца» человека. Мн., 1980.

т. 2, с. 7

АРЫНЬЯ́К

(французскае Aurignac),

археалагічная культура верхняга палеаліту на тэрыторыі шэрагу краін Еўропы, у Палесціне, Іране і Афганістане. Назва ад пячоры Арыньяк (дэпартамент Верхняя Гарона, Францыя), дзе ў 19 стагоддзі даследавана стаянка першабытнага чалавека. Асноўныя помнікі датуюцца ў межах 35—25 тысяч год да нашай эры, найбольш ранняя дата, вызначаная радыевугляродным метадам, — 42 350±1900 да нашай эры (пячора Ішталошкё, Венгрыя). Для Арыньяка характэрны касцяныя наканечнікі з раздвоенай асновай (так званыя арыньякскія). Вырабляліся крамянёвыя пласціны з рэтушшу па краях, востраканечнікі, разцы і іншыя прылады. У перыяд Арыньяка на яго заходнім арэале з’явіліся першыя творы наскальнага мастацтва.

т. 2, с. 7

АРЫНЯ́НСКІ Юрый Андрэевіч

(нарадзіўся 27.11.1906, Баку),

беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнаг тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычанга тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.Мілера (1959), «Тры сястры» А.Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела).

т. 2, с. 7

АРЫ́Н-БЕРД,

узгорак на ўскраіне горада Ерэван, дзе захаваліся рэшткі старажытнага горада Эрэбуні, пабудаванага каля 782 да нашай эры царом дзяржавы Урарту Аргішці I. Лічыцца пачаткам горада Ерэван. Эрэбуні быў апорным пунктам прасоўвання урартаў да возера Севан. Раскопкамі выяўлены крэпасць (захаваліся сцены з сырцовай цэглы вышынёй да 5 м), палацы і храмы з насценнымі размалёўкамі, гаспадарчыя пабудовы, шмат вырабаў з бронзы, больш за 20 клінападобных надпісаў і інш.

т. 2, с. 7

АРЫ́СА,

штат Індыі, на Паўночным Усходзе паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адміністрацыйны цэнтр — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).

З.М.Шуканава.

т. 2, с. 7

АРЫСА́БА

(Orizaba),

Сітлальтэпетль, дзеючы вулкан у Мексіцы. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Мексіканскага нагор’я, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры Кардыльераў. Правільны конус Арысабы вышынёй каля 5700 м (самы высокі пункт краіны), складзены з андэзітаў і базальтаў. На схілах да 4000 м лясы, вышэй — альпійскія лугі, з 4500 м — вечныя снягі. Арысаба — частка нацыянальнаг парку Піка-дэ-Арысаба (плошча 19,7 тысяч га, заснаваны ў 1936).

т. 2, с. 7

АРЫСТАГЕНЕ́З

(ад грэчаскага aristos найлепшы + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя аўтагенетычнага характару (гл. Аўтагенез), паводле якой прагрэсіўная эвалюцыя ажыццяўляецца ў выніку ўзнікнення і назапашвання асобных «генаў паляпшэння» — арыстагенаў; разнавіднасць неаламаркізму. На думку амерыканскага біёлага Г.Осбарна (1931, аўтара арыстагенезу), змены, абумоўленыя арыстагенамі, пры ўзнікненні нязначныя і непатрэбныя, але паступова, на працягу многіх пакаленняў, пад уплывам розных фактараў яны назапашваюцца, узмацняюцца і пад уздзеяннем натуральнага адбору вядуць да ўзнікнення новага прыстасавання.

т. 2, с. 7

АРЫСТАКРА́ТЫЯ

(грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі данашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.А.Шымбалёў.

т. 2, с. 7

АРЫСТА́РХ САМО́СКІ

(Aristarchos Samios; каля 320 — каля 250 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі астраном. Першы выказаў ідэю геліяцэнтрызму (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету). Вучыў, што Зямля рухаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а Сонца і зоркі нерухомыя. Быў абвінавачаны ў бязбожнасці і выгнаны з Афінаў. Аўтар трактата «Пра памеры і адлегласці Сонца і Месяца».

т. 2, с. 8