АРЫСТАКРА́ТЫЯ
(грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),
1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі данашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.
2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.
А.А.Шымбалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)