Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЯХНО́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Ляліва», прадстаўнікі якога ў 15—16 ст. займалі дзярж.-адм. пасады ў ВКЛ. У 16 ст. ад іх адгалінаваліся роды Іржыкавічаў, Кухмістравічаў, Дарагастайскіх. Найб. вядомыя Аляхновічы:

Алехна, сын Рымавіда, заснавальнік роду Аляхновічаў. Намеснік гарадзенскі (1456), маршалак надворны ВКЛ пры Казіміру IV. Яго брат Юрый — заснавальнік роду Забярэзінскіх. Пётр (? — 1516), сын Алехны, кухмістр ВКЛ (1492), пасол на соймы, намеснік уцянскі (1514—16). Андрэй, сын Алехны, пасол ВКЛ у Маскву (1493). Намеснік ожскі і пшэломскі (1494). Мікалай (? — каля 1548), сын Пятра, мечнік ВКЛ (1547).

Магчыма, да гэтага роду належаў Міхал (1746—82), родам са Жмудзі, педагог-піяр, праф. права ў Гал. школе ВКЛ.

В.Р.Баравы, Л.Л.Чарняўская.

т. 1, с. 302

АЛЯШКЕ́ВІЧ Мікалай Восіпавіч

(1873, г. Ліда — 1903 ?),

дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.І.Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.

т. 1, с. 293

АЛЯШКЕ́ВІЧ Васіль Антонавіч

(28.1.1893, в. Еськавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1972),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У час герм. акупацыі Беларусі арганізатар і камісар партыз. атрада ў Слуцкім пав., у час польскай інтэрвенцыі камісар партыз. атрада М.А.Кухарчыка (дзейнічаў у ваколіцах Ляхавіч і Клецка), арганізатар партыз. атрада імя III Інтэрнацыянала ў Бабруйскім пав. Удзельнік барацьбы супраць войскаў Булак-Балаховіча.

т. 1, с. 302

АЛЯШКЕ́ВІЧ Іван Баніфатавіч

(26.11.1900, в. Ізабеліна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н., праф. (1949). Засл. дз. нав. Беларусі (1969), засл. ўрач Беларусі (1959). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1926). З 1949 заг. кафедры ў Віцебскім мед. ін-це, з 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірург. лячэнні хвароб страўнікава-кішачнага тракту і жоўцевага пузыра, траўматычным шоку, анаэробнай інфекцыі.

т. 1, с. 302

АЛЯШКЕ́ВІЧ Іосіф Іванавіч

(1777, мяст. Шылува, Літва — 5.10.1830),

бел. жывапісец-партрэтыст. З сям’і музыканта з мяст. Радашковічы (Маладзечанскі р-н). Скончыў Віленскую маст. школу (1803), працаваў у майстэрнях франц. мастакоў Ж.А.Д.Энгра і Ж.Л.Давіда. З 1810 жыў у Пецярбургу. Часта прыязджаў на Беларусь. Стварыў шмат партрэтаў у стылі позняга класіцызму і рамантызму, у т. л. Л.Сапегі, М.Радзівіла, А.Чартарыйскага, Г.Ржавускага, Плятэра, аўтапартрэт, «Групавы партрэт», «Жаночы партрэт», «Партрэт дзяўчынкі», партрэт А.Бакунінай (апошнія 4 захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі) і інш. Сябраваў з А.Міцкевічам, напісаў яго партрэт (1828).

І.І.Аляшкевіч.
І.Аляшкевіч. Групавы партрэт. 1813. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 302

АЛЯШКЕ́ВІЧ Фёдар Васілевіч

(н. 5.5.1936, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. нейрахірург. Чл.-кар. АН Беларусі (1994). Д-р мед. н. (1973), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1961 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. З 1973 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па сасудзістай паталогіі галаўнога і спіннога мозга, эпілепсіі, гідрацэфаліі, радыкуліце, пухлінах галаўнога мозга. Распрацаваў мікранейрахірургічную тэхніку для лячэння чэрапна-мазгавых і сасудзістых пашкоджанняў мозга, укараніў методыку скарыстання антыгіпаксантаў.

Тв.:

Травматические субдуральные гематомы. Мн., 1980 (разам з Н.І.Рожанцам);

Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993 (разам з А.Ф.Аляшкевічам).

т. 1, с. 302

Аляшкевіч Леанід Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 333