Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЎРО́ЎСКІ (сапр. Іваноў) Леанід Міхайлавіч

(18.6.1905, С.-Пецярбург — 27.11.1967),

расійскі арт. балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). У 1922—35 артыст, у 1938—44 маст. кіраўнік балетнай трупы Т-ра оперы і балета імя Кірава, у 1935—38 — Малога т-ра ў Ленінградзе. У 1944—64 (з перапынкамі) гал. балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. З 1964 маст. кіраўнік Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча. У 1948—67 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1952 праф.). Сярод партый: Амун («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Дэзірэ, Зігфрыд («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна). Сярод пастановак: «Каўказскі нявольнік» Б.Асаф’ева (1938), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1940), «Раймонда» А.Глазунова (1945), «Чырвоны мак» Р.Гліэра і «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно (1949), «Фадэта» на муз. Л.Дэліба (1952), «Сказ пра каменную кветку» Пракоф’ева (1954), «Паганіні» на муз. С.Рахманінава (1960), «Начны горад» на муз. Б.Бартака і «Старонкі жыцця» А.Баланчывадзе (1961). Арганізатар і кіраўнік (1959—64) першай у краіне групы «Балет на лёдзе». Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Луцкая Е. Л.М.Лавровский // Мастера Большого театра. М., 1976;

Л.М.Лавровский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1983.

т. 9, с. 160

ЛАЎРО́ЎСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 29.10.1941, Тбілісі),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Сын Л.М.Лаўроўскага. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980, педагог Р.Захараў). У 1961—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Маст. кіраўнік Т-ра імя Паліяшвілі (Тбілісі, 1983—85). Класічны танцоўшчык рамантыка-трагедыйнай накіраванасці. Сярод партый: Блакітная птушка, Зігфрыд, Шчаўкунок («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ферхад («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета», джаз-балет на муз. оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (абедзве 1983) у т-ры імя Паліяшвілі; тэлебалеты і інш. Аўтар успамінаў пра бацьку. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1972). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Літ.:

Лопухов Ф. Российские апостолы танпа // Сов. балет. 1986. № 6.

т. 9, с. 160

ЛА́ЎРЫ,

знак ці сімвал перамогі, трыумфу, славы. Паходзіць ад звычаю ў стараж. грэкаў і рымлян увенчваць пераможцаў вянком з лісця лаўра высакароднага.

т. 9, с. 160

ЛАЎРЫНЕ́НКАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (17.5.1919, в. Птахіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 14.1.1988),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944), ген.-палк. авіяцыі (1971). Скончыў Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча (1941), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1954). З ліп. 1942 на Зах., Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., 3-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік баявых вылетаў з авіяпалком «Нармандыя—Нёман»: камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 448 баявых вылетаў, збіў 46 самалётаў ворага. Чл. ЦК КПБ (1966—71), Дэп. Вярх. Савета БССР (1967—71). Аўтар кн. «Вяртанне ў неба» (1974), «Сокал-1» (1976), «Без вайны» (1982) і інш.

У.Дз.Лаўрыненкаў.

т. 9, с. 160

Лаўрыненка Наталля Пятроўна

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 4.12.1929, в. Цялуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

гаспадарчы дзеяч, адзін з арганізатараў аўтамаб. прам-сці Беларусі. Засл. машынабудаўнік Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1961). З 1950 у вытв. аб’яднанні «Белаўтамаз» (з 1982 ген. дырэктар аўтазавода). З 1994 прэзідэнт Бел. навук.-прамысл. асацыяцыі.

Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 160

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Уладзімір Сцяпанавіч) (1913, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 31.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). З 1944 на 2-м і 1-м Бел. франтах. Кулямётчык сяржант Л. вызначыўся ў час ліквідацыі варожай групоўкі ва Усх. Прусіі: 31.1.1945 адбіваў атакі гітлераўцаў, падтрыманых танкамі і самаходнымі гарматамі; з гранатамі кінуўся пад танк і падарваў яго. Яго імем названа вуліца ў г. Вілейка.

У.С.Лаўрыновіч.

т. 9, с. 161

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Эдуард Віктаравіч) (27.10.1909, в. Кулакова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.1982),

Герой Сав. Саюза (1944). З 1938 старшыня калгасаў у Буда-Кашалёўскім р-не. З жн. 1941 у тыле ворага: камандзір дыверсійнай групы, узвода, 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Званне Героя прысвоена за мужнасць і гераізм пры выкананні ўрадавых заданняў. У 1943—71 на сав. і адм. рабоце. Аўтар кн. «Вогненныя рэйкі» (2-е выд., 1974).

т. 9, с. 161

Лаўрыновіч Людміла Канстанцінаўна

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАЎРЫ́ХА, Смычыца,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Дзісна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 128 км2. Цячэ па ўзгорыстай раўніне, значна забалочанай і аблесенай. Л. — водапрыёмнік меліярац. каналаў.

Э.В.Лаўрыновіч.

т. 9, с. 161