ЛАЎРО́ЎСКІ (сапр. Іваноў) Леанід Міхайлавіч

(18.6.1905, С.-Пецярбург — 27.11.1967),

расійскі арт. балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). У 1922—35 артыст, у 1938—44 маст. кіраўнік балетнай трупы Т-ра оперы і балета імя Кірава, у 1935—38 — Малога т-ра ў Ленінградзе. У 1944—64 (з перапынкамі) гал. балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. З 1964 маст. кіраўнік Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча. У 1948—67 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1952 праф.). Сярод партый: Амун («Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Дэзірэ, Зігфрыд («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна). Сярод пастановак: «Каўказскі нявольнік» Б.​Асаф’ева (1938), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1940), «Раймонда» А.​Глазунова (1945), «Чырвоны мак» Р.​Гліэра і «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно (1949), «Фадэта» на муз. Л.​Дэліба (1952), «Сказ пра каменную кветку» Пракоф’ева (1954), «Паганіні» на муз. С.​Рахманінава (1960), «Начны горад» на муз. Б.​Бартака і «Старонкі жыцця» А.​Баланчывадзе (1961). Арганізатар і кіраўнік (1959—64) першай у краіне групы «Балет на лёдзе». Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Луцкая Е. Л.​М.​Лавровский // Мастера Большого театра. М., 1976;

Л.​М.​Лавровский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1983.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)