БЕЛАСТО́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ , 1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г. Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.
2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б. Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс. км2 (ліст. 1940), нас. 1368 тыс. чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкі р-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).
т. 3, с. 70
БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя А.Венгеркі. Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-ра пач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.Шылера, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, Ю.Тувіма, В.Багуслаўскага, А.Міцкевіча, С.Выспянскага, С.Мрожака, Б.Шэфера, Т.Ружэвіча, В.Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.Хандке, «Эмігранты» С.Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац. т-ра імя Я.Купалы У.Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.Дастаеўскага (рэж.—маст. кіраўнік т-ра імя Я.Купалы В.Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.Купалы Ю.Авяр’янаў і Кін-Камінскі.
М.А.Бартніцкая.
т. 3, с. 71
БЕЛАСТО́ЦКІ ІНСТЫТУ́Т ПАВІТУ́Х,
Беластоцкая школа павітух, спецыяльная мед. ўстанова ў Беластоку ў 1802—37 (з перапынкам у 1807—11), дзе рыхтавалі павітух (акушэрак). З 1811 тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся тэарэт. дысцыпліны: анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, ход і анамаліі цяжарнасці, механізм акта родаў, догляд немаўлят і інш. Практычныя навыкі набываліся ў працэсе 4-месячнай практыкі ў радзільных аддз. мед. устаноў. У 1802—07 ін-т выпусціў 90 павітух. Выпускніцы накіроўваліся ў Беластоцкую вобласць, Гродзенскую, Мінскую і Валынскую губ.
Я.М.Цішчанка.
т. 3, с. 71
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс. ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
т. 3, с. 71
БЕЛА́ТРЫКС
(γ Арыёна),
зорка 2-й зорнай велічыні ў контуры сузор’я Арыёна.
т. 3, с. 71
БЕ́ЛАЎ
(Below) Георг Антон Гуга фон (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),
нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).
т. 3, с. 71
БЕ́ЛАЎ
(Bellow) Сол (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
Тв.:
Рус. пер. — Родственники: Повести. М., 1991;
Герцог: Роман. М., 1991.
т. 3, с. 71
БЕ́ЛАЎЗ
(Bellows) Джордж Уэслі (12.8.1882, г. Калумбус, штат Агайо, ЗША — 8.1.1925),
амерыканскі жывапісец і графік, прадстаўнік рэалізму ў мастацтве ЗША пач. 20 ст. У свабодных па кампазіцыі жывапісных творах паказаў драм. карціну жыцця амер. гарадоў: «Стаўце ў Шаркі!» (1907—09), «Докеры» (1912), «Воз з пяском» (1917), «Дзеці на верандзе» (1919) і інш.
Літ.: Christman М. С. S. Portraits by G. Bellows. Washington, 1981.
т. 3, с. 71
«БЕЛАЎТАМА́З»,
аб’яднанне ў Беларусі па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў. Створана ў 1975. Уключае Мінскі аўтамабільны завод (галаўное прадпрыемства), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі рысорны з-д, кавальскі з-д цяжкіх штамповак у Жодзіне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Асіповіцкі з-д аўтамаб. агрэгатаў, мінскі трэст «БелаўтаМАЗрамбудмантаж», упраўленне «БелаўтаМАЗраммантаж». «Белаўтамаз» — адно з вядучых у Еўропе аўтамабілебуд. аб’яднанняў. Выпускае каля 30 мадыфікацый аўтамабіляў і аўтапаяздоў грузападымальнасцю да 50 т. Спецыялізуецца на выпуску аўтамабіляў і аўтапаяздоў агульнатранспартнага прызначэння, 5—6-восевых і самаходных аўтапаяздоў, аднавосевых цягачоў, самаходных скрэпераў, пазадарожных аўтасамазвалаў і самаходных аўтапаяздоў для земляных і падземных работ. Гл. таксама ў арт. Аўтамабільная прамысловасць.
т. 3, с. 71
БЕ́ЛАХ
(Beloch) Карл Юліус Альвін (21.1.1854, Печкендорф, Ніжняя Сілезія — 1.2.1929),
нямецкі гісторык антычнасці. Праф. Рымскага ун-та (1879). Вывучаў сац.-эканам. адносіны, упершыню выкарыстаў стат. метад пры даследаванні эканомікі старажытнасці. Распрацоўваў статыстыку народанасельніцтва ант. свету, а таксама Італіі ў сярэднявеччы і ў новы час. Прадстаўнік цыклічнасці тэорыі. У крытыцы крыніц прыхільнік гіперакрытыцызму.
т. 3, с. 72