«БЕЛАЎТАМА́З»,

аб’яднанне ў Беларусі па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў. Створана ў 1975. Уключае Мінскі аўтамабільны завод (галаўное прадпрыемства), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі рысорны з-д, кавальскі з-д цяжкіх штамповак у Жодзіне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Асіповіцкі з-д аўтамаб. агрэгатаў, мінскі трэст «БелаўтаМАЗрамбудмантаж», упраўленне «БелаўтаМАЗраммантаж». «Белаўтамаз» — адно з вядучых у Еўропе аўтамабілебуд. аб’яднанняў. Выпускае каля 30 мадыфікацый аўтамабіляў і аўтапаяздоў грузападымальнасцю да 50 т. Спецыялізуецца на выпуску аўтамабіляў і аўтапаяздоў агульнатранспартнага прызначэння, 5—6-восевых і самаходных аўтапаяздоў, аднавосевых цягачоў, самаходных скрэпераў, пазадарожных аўтасамазвалаў і самаходных аўтапаяздоў для земляных і падземных работ. Гл. таксама ў арт. Аўтамабільная прамысловасць.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)