АРЦІМО́ВІЧ Анатоль Яфімавіч
(н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел. цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.
т. 1, с. 535
АРЦІШЭ́ЎСКАЯ Нэлі Іванаўна
(н. 13.9.1934, Гомель),
бел. кардыёлаг і рэўматолаг. Д-р мед. н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1958), з 1963 у гэтым ін-це. Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні рэўматызму, парокаў сэрца ў цяжарных жанчын, рэабілітацыі хворых на розныя формы ішэмічнай хваробы сэрца.
Тв.:
Практические навыки терапевта: Практич. пособие. Мн., 1993 (у сааўт.);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, расійскай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).
т. 1, с. 535
АРЦІШЭ́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
(н. 30.11.1933, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. гістолаг і эмбрыёлаг. Д-р мед. н. (1986), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1960 у гэтым ін-це. Навук. працы па эмбрыялогіі, станаўленні эндакрыннай сістэмы ва ўмовах нормы і пры стрэсавых сітуацыях. Увёў у практыку даследавання эмбрыялагічных эндакрынных залоз чалавека гістахім. метады, электронную мікраскапію, колькасны аналіз.
Тв.:
Надпочечные железы. Мн., 1977;
Гистофизиология органов кроветворения и иммунитета: Учеб. пособие. Мн., 1988 (разам з Н.А.Жарыкавай, В.Л.Жарыкавай);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).
т. 1, с. 535
АРЦЫБА́ШАЎ Міхаіл Пятровіч
(5.11.1878, Ахтырскі р-н Сумскай вобл., Украіна — 3.3.1927),
рускі пісьменнік. Раннія творы («Бунт», «Канакрад», «Смех»; усе 1901) прасякнуты духам лібералізму. У творах перыяду рэвалюцыі 1905—07 спроба развянчаць ідэю сац. і маральнай адказнасці мастацтва (апавяданні «Крывавая пляма», «На белым снезе», аповесці «Чалавечая хваля» і інш.). Рэчаіснасць у іх спалучалася з натуралістычным апісаннем жахаў і самазабойстваў. У гады рэакцыі прымкнуў да ўпадніцкага кірунку ў л-ры. У аповесцях «Мільёны» (1908), «Рабочы Шавыроў» (1909), раманах «Санін» (1907), «Ля апошняй рысы» (1910—11) амаралізм, сексуальная разбэшчанасць, сац. песімізм, адмаўленне грамадскіх ідэалаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі эмігрыраваў за мяжу.
т. 1, с. 535
АРЦЫМО́ВІЧ Леў Андрэевіч
(25.2.1909, Масква — 1.3.1973),
сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АН СССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.
Тв.:
Избр. труды. М., 1978.
Літ.:
Академик Л.А.Арцимович: (Сб. статей). М., 1975.
т. 1, с. 535
АРЦЫХО́ЎСКІ Уладзімір Мартынавіч
(8.7.1876, Жытомір, Украіна — 13.6.1931),
батанік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). Праф. Данскога політэхн. ін-та (1907—22). З 1922 у Лясным НДІ драўніны ў Маскве. Навук. працы па стэрылізоўным дзеянні ядаў на насенне, экалогіі пустынных раслін, марфалогіі і біялогіі ніжэйшых арганізмаў, пігментах, пошуку хларафілу на інш. планетах, заснавальнік фізіялогіі драўнінных парод. Распрацаваў метад аэрапонікі (1910).
т. 1, с. 535
АРЧАКО́ВА Людміла Іванаўна
(н. 8.9.1936, Мінск),
бел. эмбрыёлаг і гістолаг. Д-р біял. н. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1959). З 1959 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па структуры і хім. прыродзе цэнтр. і перыферычных кампанентаў вегетатыўнай нерв. сістэмы, рэцэпторных апаратах сімпатычных гангліяў.
т. 1, с. 536
АРЧЫ́Л II
(1647 — 27.2.1713),
цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт. зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».
т. 1, с. 536
АРЧЫМБО́ЛЬДА
(Arcimboldo) Джузепе (1527, Мілан — 11.7.1593),
італьянскі мастак. Жыў у Вене, Празе, Мілане. Майстар фрэсак, жывапісец, тэатр. дэкаратар, графік. У маньерыстычным кірунку вынайшаў свой алегарычны стыль адлюстравання, звязаны з парадаксальнай фантазіяй. Выканаў серыі партрэтаў, складзеных з раслін, прадметаў, сімвалаў і г.д. Сярод вядомых работ: «Лета», «Зіма» (1569), «Флора» (1589), «Партрэт Рудольфа II» (1590) і інш. Творчасць мастака — унікальны прыклад позняга маньерызму.
Я.Ф.Шунейка.
т. 1, с. 536