АРЦЫБА́ШАЎ Міхаіл Пятровіч
(5.11.1878, Ахтырскі р-н Сумскай вобл., Украіна — 3.3.1927),
рускі пісьменнік. Раннія творы («Бунт», «Канакрад», «Смех»; усе 1901) прасякнуты духам лібералізму. У творах перыяду рэвалюцыі 1905—07 спроба развянчаць ідэю сац. і маральнай адказнасці мастацтва (апавяданні «Крывавая пляма», «На белым снезе», аповесці «Чалавечая хваля» і інш.). Рэчаіснасць у іх спалучалася з натуралістычным апісаннем жахаў і самазабойстваў. У гады рэакцыі прымкнуў да ўпадніцкага кірунку ў л-ры. У аповесцях «Мільёны» (1908), «Рабочы Шавыроў» (1909), раманах «Санін» (1907), «Ля апошняй рысы» (1910—11) амаралізм, сексуальная разбэшчанасць, сац. песімізм, адмаўленне грамадскіх ідэалаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі эмігрыраваў за мяжу.
т. 1, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)