Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛМЕ́ЦКІ Аляксандр Леанідавіч (н. 18.2.1956, г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі інжынерна-фіз. ін-т (1979). З 1979 ў БДУ. Навук. працы па выкарыстанні Мёсбаўэра эфекту ў фундаментальных і прыкладных даследаваннях. Прапанаваў прынцып рэгістрацыі мёсбаўэраўскіх спектраў, які павялічвае дакладнасць гамарэзанансных вымярэнняў. Распрацаваў метад рэгістрацыі нізкаэнергет. электронаў для мёсбаўэраўскай спектраскапіі другасных выпрамяненняў, фізіка-тэхн. прынцыпы прамысл. мёсбаўэраўскай спектраскапіі.

Тв.:

Мессбауэровские концентратомеры. Мн., 1992 (разам з А.​В.​Місевічам);

Proposal for a test of the relativity principle by using Mössbauer synchrotron radiation // Hiperfine interactions. 2000. Vol. 126.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЕ,

бел. нар. страва, тое, што студзіна.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ Вера Васілеўна (1893, г. Палтава, Украіна — 17.2.1919),

расійская кінаактрыса. Вучылася ў балетнай школе. Здымалася ў кіно з 1914. Выконвала ролі ў салонных драмах і меладрамах, стварала вобразы абаяльных самотных жанчын, падманутых або не зразуметых. Лепшыя фільмы: «Песня пераможнага кахання», «Міражы» (абодва 1915), «Жыццё за жыццё», «Шахматы жыцця» (абодва 1916), «Забудзь пра камін, у ім згаслі агні» (1917), «Маўчы, журба, маўчы», «Жывы труп», «Жанчына, якая прыдумала каханне», «Апошняе танга» (усе 1918) і інш.

Літ.:

Гинзбург С. Кинематография дореволюционной России. М., 1963.

т. 16, с. 531

«ХАЛО́ДНАЯ ВАЙНА́»,

тэрмін, якім абазначаецца стан ваен.-паліт. канфрантацыі дзяржаў (груп дзяржаў), калі адкрытых ваен. сутыкненняў не адбываецца, але вядзецца гонка ўзбраенняў, ужываюцца спробы эканам. націску (эмбарга, блакада эканамічная і інш.), арганізуюцца ваен.-паліт. блокі і саюзы, ствараюцца ваен.-стратэг. плацдармы і базы. «Х.в.» паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога пачала выспяваць неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны і набыла канкрэтныя рысы каля 1948. Гал. яе прычыны — несумяшчальнасць геапаліт. мэтаў ЗША і СССР, процілегласць іх сац. сістэм, засн. на ідэалогіях, якія ўзаемавыключалі адна адну. Кожная з дзвюх звышдзяржаў мела на мэце пашырэнне адпаведнага грамадскага ладу на цэлы свет. Моцным фактарам разгортвання «Х.в.» стала ядзерная зброя, манапольнае валоданне якой у першыя пасляваен. гады ЗША імкнуліся выкарыстаць як сродак паліт. націску на СССР. Адказам стала стварэнне ў СССР уласнай ядзернай зброі (1949). Гэтыя падзеі сталі пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў. Ядзерны фактар даваў палітыкам магчымасць ствараць у сваіх краінах уяўленне аб знешняй пагрозе з боку праціўніка і тым самым забяспечваць магчымасць некантралюемага нарошчвання ваен. патэнцыялу, якое само стала мэтай палітыкі. Першым адкрытым ідэалаг. маніфестам «Х.в.» лічыцца прамова (5.3.1946, г. Фултан, ЗША) б. прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля з заклікам стварыць англа-амер. саюз для барацьбы супраць пагрозы «сусв. камуніст. тыраніі», што нібыта зыходзіла ад СССР. ЗША і іх саюзнікі ўтварылі ваен.-паліт. блокі: Арганізацыя паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО, з 1949), Арганізацыя дагавору Паўднёва-Усходняй Азіі (СЕАТО, 1954—77), Арганізацыя цэнтральнага дагавору (СЕНТО, 1955—79) і інш. СССР і яго саюзнікі праз 6 гадоў пасля НАТО стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавору 1955 (АВД, 1955—91). Ідэалаг. праявай «Х.в.» была вострая канфрантацыя ў сферы прапаганды, якая вялася ў сродках масавай інфармацыі. Кожны з бакоў абвінавачваў іншы ў агрэсіўных намерах і дзеяннях, недэмакратызме паліт. сістэмы, парушэннях правоў чалавека, прапагандаваў перавагі свайго ладу жыцця. Спецслужбы вялі разведвальную і падрыўную дзейнасць на тэр. дзяржаў — магчымых праціўнікаў. «Х.в.» адбывалася на фоне нац.-вызв. барацьбы народаў свету супраць каланіялізму і неакаланіялізму. СССР звычайна падтрымліваў нац.-вызваленчыя і левыя сілы, ЗША — празаходнія, т.зв. праімперыялістычныя рэжымы і рухі. Не ўступаючы паміж сабой у адкрытую вайну, СССР і ЗША (з саюзнікамі) фактычна ўдзельнічалі на баку розных дзяржаў, ваен. і паліт. сіл у лакальных і грамадз. войнах: у Кітаі (1946—49), Карэі (гл. Карэйская вайна 1950—53), В’етнаме (1964—75), на Б. Усходзе (гл. Блізкаўсходні канфлікт), у Афрыцы (Эфіопія, Ангола і інш.) і Лац. Амерыцы (Куба, Нікарагуа) і інш. Аднак сама вастрыня гэтай барацьбы часам дыктавала неабходнасць супрацоўніцтва для прадухілення перарастання яе ў сапраўдную глабальную вайну. СССР і ЗША разам выступілі супраць спроб Вялікабрытаніі і Францыі блакіраваць Суэцкі канал у час Суэцкага крызісу 1956, садзейнічалі ўрэгуляванню становішча ў Конга ў 1960—63, здолелі мірным шляхам пераадолець Карыбскі крызіс 1962, рабілі захады па абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі, з 1970-х г. удзельнічалі ў правядзенні палітыкі разрадкі і ядзернага раззбраення. Гэта, аднак, не азначала спынення «Х.В.». Яна асабліва ўзмацнілася па ініцыятыве ЗША пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) і спынілася толькі ў канцы 1980 — пач. 90-х г. у сувязі з роспускам АВД і распадам СССР. Кіраўніцтва ЗША (прэзідэнты Р.Рэйган, Дж.Буш, нам. прэзідэнта па дзярж. бяспецы З.Бжазінскі) расцэньвала гэтыя падзеі як перамогу ЗША і НАТО у «Х.в.». Пасля заканчэння «Х.в.» ў свеце пачала фарміравацца новая сістэма міжнар. адносін.

Літ.:

Степанова О.Л. Холодная война: Ист. ретроспектива. М., 1982;

Батюк В.И., Евстафьев Д.Г. Первые заморозки: Сов.-американ. отношения в 1945—1950 гг. М., 1995;

Бжезинский З. Великая шахматная доска: Пер. с англ. М., 1999;

Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 г.: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 2000;

Уткин А.И. Мировой порядок XXI в. М., 2001.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ ЗБРО́Я,

зброя рукапашнага бою, выкарыстанне якой не звязана з выбуховымі рэчывамі. Падзяляецца на ўдарную (булава, паліца, шастапёр і інш.), колючую (канчар, кап’ё, піка, стылет і інш.), сякучую (бярдыш, меч, сякера і інш.), колюча-сякучую (алебарда, кінжал, палаш і інш.), колюча-рэжучую (нож, штык-нож і інш.). Х.з. вядома з ранняй стадыі развіцця чалавецтва як сродак палявання, потым стала і баявой. Рабілі яе з дрэва, каменю, косці, пазней з медзі, бронзы, жалеза, сталі. Паралельна з’явілася засцерагальнае ўзбраенне, у сувязі з гэтым мяняліся віды Х.з. і сродкі засцярогі. Да 15—16 ст. Х.з. была гал. відам, з удасканаленнем агнястрэльнай зброі (вынайдзена ў 14 ст.) страчвала першапачатковае прызначэнне. Варыянты Х.з. на тэр. Беларусі вядомы з каменнага веку да 18 ст. Найб. пашыраныя з іх былі дубіны, баявыя косы, гізармы, глевіі, кісцяні, кляўцы, корды, пярначы, пратазаны, скрамасаксы, цесакі, чаканы і інш. На ўзбраенні сучасных армій захаваліся штык, армейскі нож і корцік. Некат. віды Х.з. захаваліся як спарт. зброя (рапіра, шабля, шашка).

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб зваркі матэрыялаў ціскам без іх нагрэву (пры хатняй т-ры і ніжэйшай за 0 °C). Робіцца за кошт пластычнага дэфармавання (цякучасці) паверхняў сутыкнення матэрыялаў пры іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей з пластычных металаў і сплаваў (у т. л. разнародных), пластмас і інш. Найб. пашырана Х.з. алюмінію. Халоднай называюць таксама дугавую зварку чыгунных дэталей без папярэдняга нагрэву.

Пры Х.з. дэталі з вял. зварным сячэннем сціскаюцца на прэсах (ціск 1 ГПа і больш), з невял. сячэннем — кляшчамі. Пры сцісканні матэрыялы цякуць (як вадкасць) уздоўж паверхні раздзелу, паверхневыя слаі разбураюцца, а наступныя чыстыя слаі ўтвараюць злучэнне. Х.з. зварваюцца металы з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай (алюміній, медзь, нікель, серабро), некаторыя пластмасы, смолы і інш. Х.з. разнародных металаў дае магчымасць пазбегнуць утварэння ў месцы злучэння крохкіх металідаў. Х.з. злучаюць правады, каркасы і абалонкі буйных канструкцый, танкасценныя алюмініевыя трубы і інш.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ДНАЯ ЭМІ́СІЯ,

тое, што аўтаэлектронная эмісія.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ДНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з энергіяй умоўна ад 510​−3 эВ да 10​−7 эВ. Выкарыстоўваюцца для вывучэння павольных дыфузійных рухаў атамаў і малекул у розных асяроддзях, даследавання бялковых макрамалекул, палімераў, мікрадэфектаў і мікранеаднастайнасцей у растворах, сплавах і інш. Гл. таксама Нейтронная фізіка.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЕНІЦКАЕ БАЛО́ТА.

У Крупскім р-не Мінскай вобл. і Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у вадазборы р. Эса. Нізіннага тыпу. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,4 м. Асушана, вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры, сеяныя травы і інш.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЕНІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Барысаўскай акругі. Цэнтр — г.п. Халопенічы. 20.8.1924 падзелены на 11 сельсаветаў. З 9.6.1927 у Мінскай акрузе. 8.7.1931 скасаваны, тэрыторыя размеркавана паміж Барысаўскім, Крупскім і Лепельскім р-намі. 12.2.1935 адноўлены, падзяляўся на 13 сельсаветаў. З 20‘.2.1938 у Мінскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны: 4 сельсаветы і г.п. Халопенічы перададзены ў Крупскі, астатнія — у Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 16, с. 532