Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРТЭ́МІЯ

(Artemia salina),

ракападобнае атрада шчэлепаногіх. Пашырана ў салёных азёрах і лужынах паўпустыняў, пустыняў і марскіх ліманаў, здольная жыць пры салёнасці вады ад 40 да 230%0 і болей.

Даўж. 0,8—1 см. У залежнасці ад салёнасці вады зменьваецца даўж. галінак вілачкі на канцы брушка (павялічваецца пры апрасненні). Жывіцца мікраскапічнымі водарасцямі і бактэрыямі. Размнажаецца 3 разы за сезон, плоднасць да 70 яец або наўплісаў. Разводзяць і выкарыстоўваюць на корм рыбам.

т. 1, с. 514

АРТЭ́РЫІ

(грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.Г.Шанько.

т. 1, с. 514

АРТЭРЫІ́Т,

запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш. інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 514

АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл. Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.

т. 1, с. 514

АРТЭФА́КТ

(ад лац. artefactum штучна зробленае),

стараж. рэч, якая зроблена ці мае сляды карыстання чалавекам. Элемент археалагічнай культуры, частка матэрыяльнай культуры пэўнага этапу, бо адлюстроўвае гісторыю яе развіцця. Сярод артэфакта вылучаюць культурнавызначальныя, этнавызначальныя («кіравальныя») і «датавальныя» рэчы, імпартныя, выпадковыя, запазычаныя і інш.

т. 1, с. 514

«АРТ-СЕ́СІЯ»,

мастацкая акцыя, якая ўключае правядзенне конкурсу-выставы візуальных мастацтваў творчай моладзі і фестывальную харэаграфічную праграму. Праводзіцца з 1992 штогод у Віцебску. У выстаўцы ўдзельнічаюць студэнты маст. спецыяльнасцяў ВНУ Віцебска (факультэты мастацка-графічны, педагогікі і методыкі пач. навучання, музыкі і выяўл. мастацтва пед. ін-та, маст. канструявання вырабаў лёгкай прам-сці тэхнал. ін-та) і вучні маст. аддзяленняў вучылішчаў. Экспазіцыя выстаўкі ўключае раздзелы: жывапіс, графіка, дызайн, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, мадэлі адзення.

М.Л.Цыбульскі.

т. 1, с. 507