АРТЭРЫІ́Т,

запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш. інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)