Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІ́МПІЯ

(Olympia),

старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.

Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.

Да арт. Алімпія. Рэшткі храма Геры.

т. 1, с. 260

АЛІМПІЯ́ДА

[грэч. Olympias (Olumpiados)],

1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).

2) Тое, што Алімпійскія гульні.

3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).

4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.

5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.

т. 1, с. 260

АЛІМФАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

гл. ў арт. Ацыклічныя злучэнні.

т. 1, с. 261

А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,

горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.

т. 1, с. 260

АЛІ́НДА

(Olinda),

горад на ПнУ Бразіліі, у штаце Пернамбуку. Засн. ў 1536. 335,9 тыс. ж. (1985). Чыг. станцыя. Харч., тэкст., гарбарна-абутковая прам-сці. Кліматычны курорт. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 1, с. 260

АЛІ́НФ

(Olynthos),

старажытнагрэчаскі горад на п-ве Халкідыкі (захаваліся рэшткі за 50 км на Пд ад г. Салонікі). Засн. ў 8—6 ст. да н.э. выхадцамі з г. Халкіда (в-аў Эўбея). З 432 да н.э. — цэнтр саюза халкідскіх гарадоў, які супрацьстаяў Афінам. У выніку Алінфскай вайны разбураны ў 348 македонскім царом Філіпам II, пасля не аднаўляўся. Раскопкамі выяўлены жылыя кварталы класічнага перыяду. У т.зв. віле «Добрага лёсу» і «Доме класічнага акцёра» (5—4 ст. да н.э.) знойдзены шматкаляровыя мазаікі, багатая калекцыя побытавых рэчаў.

т. 1, с. 260

АЛІСЕ́ЙКА Уладзімір Цітавіч

(22.2.1921, в. Косетаў Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1981),

Герой Сав. Саюза (1944). З сак. 1943 на Волхаўскім, 1-м Украінскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах. Камандзір сапёрнага ўзвода ст. сяржант Алісейка ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Кіева захапіў плацдарм на правым беразе ракі, размініраваў яго, што садзейнічала паспяховай пераправе сав. войскаў. Удзельнік вызвалення Польшчы, штурму Берліна.

т. 1, с. 261

АЛІ́СУМ,

гл. Бурачок.

т. 1, с. 261

АЛІТАВА́ННЕ

(ад ням. alitieren алітаваць),

дыфузійнае насычэнне паверхні метал. вырабаў алюмініем, разнавіднасць алюмінавання. Выкарыстоўваецца для аховы сталяў, чыгуну, гарачатрывалых сплаваў на аснове нікелю і кобальту ад акіслення пры высокіх т-рах (да 1100 °C), змяншэння схоплівання паверхняў (напр., разьбовых злучэнняў пры эксплуатацыі ў вакууме), павышэння зносаўстойлівасці металаў.

т. 1, с. 261

АЛІТУ́С

(Alytus),

горад у Літве, на р. Нямунас. Вядомы з 14 ст. 71 тыс. т. (1987). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабудавання, тэкст., камбікормавай і харч. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

т. 1, с. 261