АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ Канстанцін Аляксеевіч
(15.9.1855, Віленская губ. — пасля 1918),
удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1875). Ген.-маёр (1909). З 1915 нач. Свеаборгскай крэпасці. На Усебеларускім з’ездзе 1917 выбраны ў склад Савета старэйшын, заклікаў «адрадзіць беларускую дзяржаву», выступаў у абарону бел. нац. сцяга. Аўтар «Успамінаў пра Усебеларускі з’езд у г. Мінску» (Чырвоны шлях. 1918. № 1—2). У 1918 запрошаны Радай БНР у Мінск для фарміравання бел. нац. арміі.
В.У.Скалабан.
т. 1, с. 298
АЛЯКСЕ́Й,
Аляксій (1314—78), рускі мітрапаліт з 1354. У час княжання ў Маскве Івана Іванавіча Краснага і малалецтва кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога фактычна ўзначальваў урад. Падтрымліваў Дзмітрыя ў барацьбе з цвярскімі і суздальска-ніжагародскімі князямі, выступаў супраць намаганняў князёў ВКЛ стварыць асобную мітраполію ў Кіеве. Прыхільнік пагаднення з Залатой Ардой дзеля прадухілення набегаў на Маскоўскае княства. У 1448—49 кананізаваны правасл. царквой.
т. 1, с. 298
АЛЯКСЕ́Й І КАМНІ́Н
(Alexios Komnēnos; каля 1048—15.8.1118),
візант. імператар [1081—1118]. Заснавальнік дынастыі Камнінаў. Захапіў трон з дапамогай ваен. знаці. Душыў феад. мяцяжы, праследаваў удзельнікаў ерэтычных рухаў паўлініян і багамілаў. На пач. 1090-х г. адбіў націск нарманаў, сельджукаў, у 1091 — печанегаў. Прымусіў крыжаносцаў у час 1-га крыжовага паходу перадаць Візантыі частку М. Азіі.
т. 1, с. 298
АЛЯКСЕ́Й МІХА́ЙЛАВІЧ
(19.3.1629—29.1.1676),
рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл. Раскол), мытныя (гл. Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш. рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.
т. 1, с. 298
АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ
(18.2.1690 — 16.6.1718),
рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра І. Выхоўваўся ў варожым да Пятра І асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра І быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
т. 1, с. 299
АЛЯКСІ́Й
(Сіманскі Сяргей Уладзіміравіч; 9.11.1877, Масква — 17.4.1970),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў маскоўскія ун-т (1899) і духоўную акадэмію (1904). Быў рэктарам Тульскай і Наўгародскай духоўных семінарый. У сане епіскапа з 1913. У 1943—45 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1945 на памесным саборы ў Маскве абраны патрыярхам.
т. 1, с. 299
АЛЯКСІ́Й II
(да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.
Г.М.Шэйкін.
т. 1, с. 299
АЛЯКСЮ́К Павел Паўлавіч
(10.12.1892, Гродна — ?),
паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). З 1909 нам. старшыні Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1915 адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні. У 1917 уваходзіў у БСГ, потым у Бел. нар. партыю сацыялістаў; нам. старшыні Бел. нац. к-та ў Мінску. З кастр. 1917 чл. выканкомаў Вял. бел. рады і Цэнтр. бел. вайсковай рады. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР, у 1918 у складзе Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919 чл. Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1919—20 узначальваў Бел. вайсковую камісію. З восені 1920 старшыня Бел. паліт. к-та ў Варшаве. Падтрымаў ваен. акцыю С.Н.Булак-Балаховіча на Беларусі. У 1921 стварыў паланафільскую арг-цыю «Беларуская краёвая сувязь». У 1920-я г. працаваў адвакатам у Навагрудку. Далейшы лёс невядомы.
С.С.Рудовіч.
т. 1, с. 299
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл. бас. каля 220 тыс. км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
т. 1, с. 299
АЛЯНЁЦКІ ЗАЛІ́Ў,
у моры Лапцевых, паміж а-вамі дэльты р. Лена на У, мацерыком на Пд і З, каля берагоў Расійскай Федэрацыі. Даўж. 65 км, шыр. каля 130 км, глыб. да 15 м. Вялікі в-аў Джангылах. Упадаюць р. Алянёк, Алянёцкая пратока р. Лена і інш. Амаль увесь год укрыты лёдам.
т. 1, с. 299