АЛАТА́У,
Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы), назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
т. 1, с. 228
АЛАТРО́ПІЯ
(ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),
існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.
т. 1, с. 228
АЛАЎІ́ТЫ,
Алавіты, Філаліды, Філалійскія шэрыфы, дынастыя султанаў (з 1660-х г.), потым каралёў (з 1957) у Марока. У перыяд франц. пратэктарата (1912—56) страцілі рэальную ўладу. З сак. 1956 аднавілі сваё кіраванне ў краіне.
т. 1, с. 228
АЛАФА́Н
(ад грэч. allophanes які здаецца іншым),
мінерал, водны сілікат алюмінію непастаяннага саставу; Al2O3·1,2SiO2·3,3H2O. Аморфны. Утварае рыхлыя, шчыльныя, шклопадобныя нацёкі і інш. Колер белы, блакітны, зялёны, буры. Цв. 1—3. Вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9 г/см³. Утвараецца пры разбурэнні сілікатаў і алюмасілікатаў пад уздзеяннем сернай кіслаты.
т. 1, с. 228
АЛА́Х
(ад араб. ілах бажаство),
адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).
т. 1, с. 228
АЛАХАБА́Д,
горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.
т. 1, с. 228
АЛАХТО́Н
(ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл. Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
т. 1, с. 228
АЛАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, утвораныя з пераадкладзенага вадой, тэктанічнымі рухамі ці ледавіком зыходнага матэрыялу. Трапляюцца найчасцей у платформавым чахле. На Беларусі пашыраны алахтонныя бурыя вугалі (з прынесеных вадой рэшткаў раслін), пяскі алювіяльныя, ледавіковыя адорвені і інш. Вывучэнне алахтонных адкладаў мае значэнне ў палеагеаграфіі, палеанталогіі, геалогіі нафты.
т. 1, с. 228
«АЛА́Ш»,
«Алаш-арда», палітычная партыя ў Казахстане ў 1917—20. Названа па імю міфічнага продка казахаў. Утварылася ў ліп. 1917, мела абл. адзяленні. Ідэалогія — панісламізм і панцюркізм. Дамагалася аўтаноміі Казахстана. У снеж. 1917 стварыла «партыйна-ўрадавы» цэнтр (урад) «Алашарда» на чале з А.Букейханавым (кадэт) і «Алашскую аўтаномію» (у ліст. 1918 скасавана Уфімскай дырэкторыяй), прыняла рашэнне пра стварэнне ўзбр. сіл. Атрады алаш-ардынцаў уваходзілі ў склад белагв. войскаў Дутава, Калчака, Аненкава і інш. У грамадз. вайну яе атрады разбіты, урад разгромлены ў сак. 1920 Кірг. (Казахскім) рэўкомам.
т. 1, с. 228
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс. км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр. ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.
т. 1, с. 228