АКАНТАЦЭФАЛЁЗЫ,
інвазійныя захворванні (гельмінтозы) жывёл, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца калючагаловымі чарвямі — скрэбнямі (акантацэфаламі). Паразітуюць у кішэчніку свіней, сабак, лісоў, ваўкоў, барсукоў, качак, рыб, чалавека. На Беларусі найб. небяспечныя макракантарынхоз, палімарфоз, філікалёз, эхінарынхоз і памфарынхоз. Крыніца інвазіі — хворыя жывёлы, што заражаюцца акантацэфалёзамі пры паяданні прамежкавых гаспадароў (малюскаў, ракападобных, насякомых), у целе якіх знаходзяцца лічынкі скрэбняў (акантэлы).
т. 1, с. 185
АКАНТО́ДЫ
(Acanthodei),
клас вымерлых рыб. Вядомы з адкладаў позняга сілуру — ранняй пермі Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі, Антарктыды. 4 атрады. На Беларусі рэшткі акантод (луска, шыпы) знойдзены ў адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону. Жылі пераважна ў прэсных вадаёмах з імклівым цячэннем, радзей у лагунах і морах. У асноўным планктафагі. Магчыма, ад прымітыўных акантод адасобіліся храстковыя і касцявыя рыбы.
Даўж. да 0,5 м. Цела верацёнападобнае, з дробнымі касцявымі пласцінамі на галаве, з шыпамі (іхтыядаруліты) перад усімі плаўнікамі, акрамя хваставога. Луска ганоіднага тыпу.
т. 1, с. 185
АКАНТЫ́Т
(ад грэч. akantha калючка, іголка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.
т. 1, с. 185
АКА́ПІ
(Okapia johnstoni),
парнакапытнае млекакормячае сям. жырафаў. Жыве ў Афрыцы ў вільготных трапічных лясах бас. р. Конга. Рэдкая жывёліна.
Даўж. цела каля 2 м, выш. ў карку да 1,2 м, маса каля 250 кг. Афарбоўка карычняватая са светлымі папярочнымі палосамі на нагах. Морда выцягнутая, вушы вялікія, у самца 2 невял. рагі, рагавыя чахлы на канцах рагоў штогод зменьваюцца. Корміцца лісцем. Цяжарнасць 14—15, лактацыя 6 месяцаў. Трымаюць у заапарках, дзе паспяхова размнажаецца.
т. 1, с. 185
АКАПЯ́Н Акоп
(29.5.1866, г. Гянджа — 13.11.1937),
армянскі паэт. Нар. паэт Арменіі і нар. паэт Грузіі (1923). З гімназіі выключаны за вальнадумства. Удзельнік рэв. руху ў Закаўказзі, неаднойчы быў арыштаваны. Заснавальнік армянскай пралетарскай паэзіі. Першы зб. «Вершы» (1899). Паэмы «Новы ранак» (1909), «Чырвоныя хвалі» (1911) прысвечаны рэв. руху ў Закаўказзі. Асн. матыў паэзіі 1920—30-х г. — рамантыка сацыяліст. буд-ва (паэмы «Багі загаварылі», 1922; «Шыр-канал», 1924; «Волхаўбуд», 1925; «Горад», 1931).
Літ.:
Манукян С. Акоп Акопян: Критико-биогр. очерк: Пер. с арм. М., 1980.
т. 1, с. 185
АКАРАЛО́ГІЯ
(ад грэч. akari клешч + ..логія),
галіна арахналогіі, навука пра кляшчоў. Мае прыкладныя раздзелы — мед., вет., с.-г. акаралогія. Навук. акаралогія сфарміравалася ў 18 ст. (швед. вучоны К.Ліней). На Беларусі н.-д. работа вядзецца з 1920-х г. (М.М.Судзілоўскі, І.В.Шчарбінін, В.Л.Якімаў, К.Ф.Расцягаева, І.Ц.Арзамасаў, Б.П.Савіцкі, В.І.Вацякоў, Н.П.Мішаева, І.В.Чыкілеўская і інш.). Вывучаюцца біялогія кляшчоў і іх роля ў фарміраванні эпідэміял. сітуацый; даследуюцца кляшчы — узбуджальнікі хвароб чалавека, жывёл і раслін (іксодавыя, гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя, акароідныя, раслінаедныя і інш.). Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання ачагоў масавага размнажэння кляшчоў у асн. лесараслінных зонах.
т. 1, с. 185
АКАРАПІДО́З пчол, акароз, акарыёз, кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.
т. 1, с. 185
АКАРДЭО́Н
(франц. accordēon),
музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 186
АКАРКАВЕ́ННЕ,
працэс адкладання тлушчападобнага рэчыва суберыну ў абалонках клетак шматгадовых раслін. Характэрна для клетак покрыўных тканак — экзадэрмы і корку, якія ахоўваюць унутр. тканкі кораня і сцябла ад страты вільгаці і ваганняў т-ры. Корак не дае раслінам высыхаць і ахоўвае жывыя клеткі, спрыяе загойванню ран.
т. 1, с. 186