АКАРАПІДО́З пчол, акароз, акарыёз, кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)