Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАТГА́ЛЕ

(Latgale),

Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.

2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.

Літ.:

Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;

Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;

Данько Л.Ф История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.

т. 9, с. 154

ЛАТГА́ЛЫ,

старажытнабалцкае племя, ад якога паходзіць этн. назва латышоў. Насялялі ўсх. частку сучаснай Латвіі па правым беразе Даўгавы (Зах. Дзвіны). Межавалі і кантактавалі з лівамі на 3, селамі і земгаламі на Пд, крывічамі на У, эстамі на Пн. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У 10—11 ст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пач. 13 ст. заняволены ням. рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Л. наз. яшчэ латвійцамі. Гл. таксама Латгале.

т. 9, с. 154

ЛАТГА́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на ПдУ Латвіі, у бас. рэк Даўгава, Дубна, Малта, Рэзекне. Выш. да 289 м (г. ЛіелайсЛіепукалнс). У аснове складзена пераважна з мергеляў і даламітаў дэвону, на паверхні — рыхлыя марэнна-гліністыя старажытнаазёрныя і флювіягляцыяльныя адклады. Рэльеф марэнна-ўзгорысты (камы, стараж. даліны сцёку, азёрныя катлавіны). Больш за 600 азёр (Рушану, Рэзнас, Сівера, Эжа, Дрыдза і інш.). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Ільнаводства. Турызм.

т. 9, с. 154

ЛАТО́

(франц. loto ад італьян. lotto),

гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т.л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.

т. 9, с. 154

ЛАТРЭАМО́Н

[Lautréamont; сапр. Дзюкас (Ducasse) Ізідор Люсьен; 4.4.1846, Мантэвідэо — 24.11.1870],

французскі паэт, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. У зб. вершаў у прозе «Песні Мальдарора» (1868—69) увасоблены абсурдна-фантасмагарычныя сітуацыі ў выглядзе своеасаблівых парадыйных імітацый, якія сімвалізуюць сусв. злую волю і нясуць у сабе філасофію багаборніцтва. Паэтыцы ўласціва спалучэнне гратэску і алагізму з лірызмам, рамант. тэндэнцый з сімвалізмам. У кн. «Вершы. Прадмова да будучай кнігі» (1870) — пародыі на афарызмы філосафаў і паэтаў Б.Паскаля, Ф.Ларошфуко, В.Гюго і інш.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия французского символизма: Лотреамон. Песни Мальдорора. М., 1993.

Літ.:

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 154

ЛАТУ́К, малакан (Lactuca),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, нямногія — у Амерыцы. На Беларусі 3 віды Л.: дзікі, або компасны (L. serriola), татарскі (L. tatarica), Шэ (L. chaixii). Інтрадукаваны Л. пасяўны, ці салата (L. sativa), культывуецца як агароднінная расліна.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Невял. кветкавыя кошыкі сабраны ў агульнае суквецце, пераважна мяцёлчатае або галінаста-мяцёлчатае. Плод — сямянка з чубком. Харч., лек. расліны, некат. ядавітыя.

Латук дзікі.

т. 9, с. 154

ЛАТУНІ́РАВАННЕ,

нанясенне (звычайна электралітычным спосабам) тонкага (да 10 мкм) слоя латуні на паверхню метал. вырабаў. Засцерагае вырабы ад карозіі, стварае т.зв. падслой пры нікеліраванні або луджэнні, павышае адгезію (счапленне) стальных і алюмініевых вырабаў з гумай пры гуміраванні, паляпшае антыфрыкцыйныя ўласцівасці вырабаў з тытану, яго сплаваў і інш.

т. 9, с. 154

ЛАТУ́НЬ

(ням. Latun),

сплаў медзі з цынкам (ад 4 да 50%); найб. пашыраны з медных сплаваў. Вызначаецца добрымі мех. ўласцівасцямі, высокай каразійнай устойлівасцю, пластычнасцю, трываласцю.

З простых (двайных) Л. дадатковым легіраваннем алюмініем, волавам, жалезам, марганцам, нікелем і інш. элементамі атрымліваюць складаныя. Напр., алавяная Л. (адміралцейская, ці марская) мае 1—1,5% волава, устойлівая ў марской вадзе; алюмініевая Л. — 0,4—2,5% алюмінію, колерам нагадвае золата Выкарыстоўваюць у машына-, судна- і прыборабудаванні, для вырабу знакаў адрознення, маст. і ювелірных вырабаў.

т. 9, с. 154

Латур Жорж

т. 9, с. 154

Латур Марыс

т. 9, с. 155