Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,

асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э. Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.

т. 1, с. 525

АРХІМЕ́ДА ЦЕ́ЛЫ,

тое, што паўправільныя мнагаграннікі.

т. 1, с. 525

АРХІ́ПАВА Ірына Канстанцінаўна

(н. 2.12.1925, Масква),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953), з 1976 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1956—88 — Вял. т-ра Расіі. Вядомая прадстаўніца рус. школы бельканта. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ, спявала з М. дэль Монака), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава). Спявала ў Міланскім т-ры «Ла Скала» і інш. Старшыня цэнтр. праўлення Усерас. муз. т-ва (з 1986). Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

Попов И.Е. И. Архипова: Творческий портрет. М., 1981.

т. 1, с. 526

АРХІПА́СТЫР,

агульная назва для свяшчэннаслужыцеляў вышэйшай (трэцяй) ступені хрысціянскай царк. іерархіі: епіскапаў, архіепіскапаў, мітрапалітаў, экзархаў, патрыярхаў. Выкарыстоўваецца нароўні з назвамі «архірэй», «іерарх».

т. 1, с. 526

АРХІ́ПАЎ Абрам Яфімавіч

(другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.

т. 1, с. 526

АРХІПЕЛА́Г

(італьян. arcipelago),

значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).

т. 1, с. 526

АРХІПЕЛА́ГСКІЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ,

тры паходы рас. Балт. флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час рус.-тур. вайны 1768—74 для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі тур. сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 рас. эскадры на чале з адм. Р.А.Спірыдавым і контр-адм. Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае м., у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі тур. флот адм. Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час рус.-тур. вайны 1806—12. Рас. эскадра і грэч. флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, в-ва Лемнас і Афонскага п-ва (1807) разграмілі тур. флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брыт., рас. і франц. эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адм. Кодрынгтана перамаглі тур.-егіп. флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне рус.-тур. войнаў, садзейнічалі нац.-вызв. барацьбе грэч. народа супраць тур. панавання.

т. 1, с. 526

АРХІ́ПЕНКА

(Archipenko) Аляксандр Парфір’евіч (30.5.1887, Кіеў — 25.2.1964),

скульптар. Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1902—05). Жыў у Парыжы, Берліне, з 1923 — у ЗША. Выкладаў у студыях, ун-тах і ін-тах мастацтваў ЗША. Знаходзіўся пад уплывам кубізму («Медрана», 1914), канструктывізму, абстрактнага мастацтва. Першы выкарыстаў камбінацыі разнародных матэрыялаў (шкло, метал, дрэва, цэлулоід і інш.). У 1915—20 распрацаваў стыль, заснаваны на трохмернай скульптуры і рэльефе з рамай, фонам і інш. элементамі жывапісу («Эспаньёла», 1916, і інш.); стварыў шэраг «торсаў» з металу і каменю («Торс», 1914). У 1920—30 стварыў рэаліст. скульптуры («Дыяна», «Маладая жанчына», партрэты Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Т.Уайлдэра і інш.). У 1924—27 распрацаваў і запатэнтаваў механізм для стварэння ілюзіі руху намаляваных аб’ектаў, якія назваў «архіпентура»; у 1940-я г. пачаў серыю т.зв. «святломадулятараў» — плексігласавых паўпразрыстых скульптур, асветленых знутры; эксперыментаваў у галіне «гукавой скульптуры». У 1960-я г. стварыў бронзавыя скульптуры «Царыца Саўская», «Цар Саламон», серыю літаграфій «Жывыя формы».

Літ.:

Северюхин Д.Я., Лейкинд О.Л. Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. Спб., 1994. С. 41—44.

т. 1, с. 526

АРХІ́ПЕНКА Валерый Іванавіч

(н. 29.1.1942, пас. Фершампенуаз Чэлябінскай вобл., Расія),

фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Ін-це фізікі, з 1993 у Ін-це малекулярнай і ат. фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы газавага разраду і ўзаемадзеяння эл.-магн. хваляў з плазмай, аптычным прыладабудаванні.

Тв.:

Экспериментальное исследование механизма абсолютной параметрической неустойчивости неоднородной плазмы (у сааўт.) // Журн. эксперим. и теор. физики. 1987. Т. 93, вып. 10.

т. 1, с. 526

АРХІ́ПЕНКА Фёдар Фёдаравіч

(н. 30.10.1921, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951), Маскоўскі інж.-эканам. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Бранскім, Сталінградскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах, лётчык-знішчальнік. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Малдовы, Польшчы, Прагі, штурму Берліна. Зрабіў 467 баявых вылетаў, правёў 102 паветр. баі, збіў 44 варожыя самалёты. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 526