АРХІ́ПЕНКА

(Archipenko) Аляксандр Парфір’евіч (30.5.1887, Кіеў — 25.2.1964),

скульптар. Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1902—05). Жыў у Парыжы, Берліне, з 1923 — у ЗША. Выкладаў у студыях, ун-тах і ін-тах мастацтваў ЗША. Знаходзіўся пад уплывам кубізму («Медрана», 1914), канструктывізму, абстрактнага мастацтва. Першы выкарыстаў камбінацыі разнародных матэрыялаў (шкло, метал, дрэва, цэлулоід і інш.). У 1915—20 распрацаваў стыль, заснаваны на трохмернай скульптуры і рэльефе з рамай, фонам і інш. элементамі жывапісу («Эспаньёла», 1916, і інш.); стварыў шэраг «торсаў» з металу і каменю («Торс», 1914). У 1920—30 стварыў рэаліст. скульптуры («Дыяна», «Маладая жанчына», партрэты Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Т.Уайлдэра і інш.). У 1924—27 распрацаваў і запатэнтаваў механізм для стварэння ілюзіі руху намаляваных аб’ектаў, якія назваў «архіпентура»; у 1940-я г. пачаў серыю т.зв. «святломадулятараў» — плексігласавых паўпразрыстых скульптур, асветленых знутры; эксперыментаваў у галіне «гукавой скульптуры». У 1960-я г. стварыў бронзавыя скульптуры «Царыца Саўская», «Цар Саламон», серыю літаграфій «Жывыя формы».

Літ.:

Северюхин Д.Я., Лейкинд О.Л. Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. Спб., 1994. С. 41—44.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)